Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Адкрыццё выставы "Святло і цень" у Рэспубліцы Казахстан

  • 09.09.2016

9 верасня 2016 г., у 17.00 у Музеі Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан адбудзецца адкрыццё выставы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Святло і цень. Фатаграфіі Льва Дашкевіча", арганізаванай у рамках міжнароднага праекту Музея "Дыялог праз культуру" пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Казахстане.

Выстава з'яўляецца першым выставачным праектам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь ў Музеі Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан у рамках мемарандума аб супрацоўніцтве, які быў заключаны паміж нашымі ўстановамі ў кастрычніку 2015 года.

Арганізацыя дадзенай выставы была ініцыяваная Музеем Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан у юбілейны год святкавання 25–годдзя Незалежнасці Казахстана як прыклад умацавання культурных сувязяў паміж рэспублікамі.

Выстава "Святло і цень. Фатаграфіі Льва Дашкевіча" – вынік сумеснай працы – супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, загадчыцы аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Надзеі Саўчанка і беларуска–канадска–ізраільскага фатографа Аліка Замосцина, які выступіў аўтарам ідэі, а таксама куратарам і фундатарам праекту. У праект увайшлі 40 высока якасных лічбавых рэпрадукцый фатаграфій Льва Дашкевіча 1910–1950–х гг., выкананых ізраільскім фатографам Барысам Равічам.

Назва выставы вельмі сімвалічная, бо святло і цень адыгрывалі важную ролю ў творчасці Льва Урбанавіча. Гэтая назва была захаваная і для выставы ў Астане.

Упершыню выстава "Святло і цень. Фатаграфіі Льва Дашкевіча" у красавіку гэтага года была прадстаўленая ў Іерусаліме. У чэрвені 2016 года адбылася яго аднадзённая прэзентацыя ў Мінску, калі уся калекцыя рэканструяваных прац Льва Дашкевіча была перададзеная ў дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею РБ.

У Астане выстава "Святло і цень. Фатаграфіі Льва Дашкевіча" будзе працаваць да 6 кастрычніка 2016 г.