Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Перадвыбарны плакат Беларусі. Мінулае і сучаснасць"

  • 06.09.2016

6 верасня 2016 года ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці" пачынае сваю працу выстава "Перадвыбарны плакат Беларусі. Мінулае і сучаснасць".

Выстава "Перадвыбарны плакат Беларусі. Мінулае і сучаснасць" пройдзе ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці з 6 верасня па 9 кастрычніка 2016 года. На ёй будзе прадстаўлена частка калекцыі перадвыбарных плакатаў БССР і Рэспублікі Беларусь з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Плакаты, паказаныя ў рамках выставы, раскрываюць гісторыю мясцовых, парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне.

Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Неад'емным атрыбутам выказвання волі народа ў дэмакратычным грамадстве з'яўляюцца выбары.

Напярэдадні шостых парламенцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь, выстава "Перадвыбарны плакат Беларусі. Мінулае і сучаснасць" дазволіць бліжэй азнаёміцца з перадвыбарнымі плакатамі 1970–2000–х гадоў, пасведчаннямі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і іншымі дакументамі, якія раскрываюць тэму выбараў у краіне. У экспазіцыі – плакаты, выпушчаныя ў выдавецтве "Беларусь" ( "Усе на выбары! 17 чэрвеня выбары ў мясцовыя Саветы", мастак В.Салаўёў), а таксама плакаты маскоўскага выдавецтва "Плакат" ( "Дзень выбараў – усенароднае свята", мастак Б .Беразоўскі; "Дэпутат – слуга народа", мастак В.Сур'янінаў; "Галоўны клопат дэпутата – інтарэсы народа", мастак В.Карэцкі).

Прадстаўнікі СМІ, якія жадаюць асвятліць працу выставы, могуць на працягу ўсёй яе працы наведаць Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, папярэдне патэлефанаваўшы супрацоўнікам музея па тэлефоне 327 46 11.

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці

Мінск, вул. К.Маркса, 38

Тэл. для даведак 327 46 11, 327 46 12