Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава фігур "Свет старажытных людзей"

  • 03.09.2016

З 3 верасня па 4 снежня 2016 года ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом–музей I з'езда РСДРП" будзе працаваць выстава ўнікальных рэалістычных фігур "Свет старажытных людзей".

"Свет старажытных людзей" – гэта ўнікальны выставачны праект, прысвечаны ўзнікненню і развіццю чалавека, пачынаючы з першых млекакормячых і заканчваючы чалавекам будучыні. У музеі можна ўбачыць аўстралапітэкаў, пітэкантрапаў, неандэртальцаў і іншых выкапнёвых гамінід. Фігуры, прадстаўленыя ў экспазіцыі, з'яўляюцца вынікам сумеснай працы мастакоў і навукоўцаў–антраполагаў.

Наведвальнікі выставы змогуць даведацца, як чалавек стаў прамахадзячым, асвоіў прылады працы і навучыўся здабываць агонь. Экспанаты, сярод якіх не толькі фігуры першабытных людзей, але і манекены жывёл, на якіх палявалі нашы продкі, і нават сапраўдны бівень маманта. Яны будуць цікавымі ўсім без выключэння наведвальнікам, як вучням пачатковай школы, так і людзям старэйшага ўзросту.

Выстава "Свет старажытных людзей" уключае ў сябе больш за два дзесяткі рэалістычных фігур людзей, жывёл і іншых экспанатаў. Экспазіцыя падзелена на шэсць тэматычных мізансцэн, кожная з якіх прысвечана канкрэтнаму перыяду развіцця чалавека – "Свет старажытных рэптылій", "З'яўленне прыматаў", "Аўстралапітэк – прамаходзячая малпа", "Архантрапы і першыя прылады працы", "Неандэртальцы супраць краманьёнцаў", "Чалавек будучыні".

На выставе дазволена фатаграфавацца з фігурамі першабытных людзей!

Вы атрымаеце ўнікальную магчымасць пакінуць на памяць фота з дагістарычнага мінулага!

Дом–музей I з'езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31а

Тэл. для даведак: 290–68–47