Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Мерапрыемства да 100–годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Зінаіды Браварскай

  • 30.08.2016

Запрашаем 30 жніўня 2016 года а 16 –ай гадзіне на мерапрыемства "З. Браварская на сцэне і ў жыцці" (да 100–годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Зінаіды Браварскай)!

Зінаіда Браварская нарадзілася 31 жніўня 1916 года, станцыя Адэса–Дачная, Украіна. Скончыла Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (1937, педагогі М. Тарханаў, М. Плотнікаў, Л. Целешава).

Сцэнічную дзейнасць пачала ў Тэатры юнага гледача Беларусі, дзе вызначылася ў ролі Тоні Туманавай ("Як гартавалася сталь" паводле М. Астроўскага). З 1938 у Нацыянальным акадэмiчным тэатры імя Я. Купалы (1941–1950 – у франтавым тэатры Масквы, тэатрах Ашхабада, Пензы, Куйбышава).

Самыя вядомыя ролі у тэатры: Ірына ("Вогненны мост" Б. Рамашова), Ірына Аляксандраўна ("Трэцяя патэтычная" М. Пагодзіна), Крысціна Хэлмер ("Паўночная мадонна" браты Тур), Ксенія ("Палата" С. Алёшына), Клея ("Ліса і вінаград" Г. Фігейрэду), Ніхаль ("Дзівак" Н. Хікмета). Разнастайную гаму фарбаў ад мяккай іранічнай інтанацыі да з’едлівай іроніі, вострага гратэску выявіла ў ролях Юлечкі ("Даходнае месца" А. Астроўскага), Жонкі ("Забыты ўсімі" Н. Хікмета), Бэкбік ("Што той салдат, што гэты" Б. Брэхта), Маці ("Зацюканы апостал" А. Макаёнка), Табун–Туркоўскай ("Залатая карэта" Л. Лявонава), маці Менахэма ("Памінальная малітва" Р. Горына паводле Шолам–Алейхема) і інш.

Выступала як актрыса, аўтар і рэжысёр больш за 40 пастановак на Беларускiм радыё, у тым лiку "Краіна Мурлындзія" (1967), "Мафін і яго славутая карчомка" паводле Э. Хогарт (1970), "Вайна пад стрэхамі" паводле А. Адамовіча (1978). Выканала ролю імператрыцы Аляксандры Фёдараўны ў тэлевізійнай пастаноўцы "Крах".

У 1953–1955, 1967–1988 выкладала ў Беларускiм тэатральна–мастацкiм інстытуце. Памерла З. Браварская 18.02.2005.

На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Наш адрас: г. Мінск, Музычны зав. 5

Тэл. 220 26 67