Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "СТАРЫЯ ГЕРОІ – НОВЫ СВЕТ"

  • 01.07.2016

1 ліпеня 2016 г. у выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно адкрыецца ўнікальная ў сваім родзе выстава "СТАРЫЯ ГЕРОІ – НОВЫ СВЕТ. ГЕРОІ БЕЛАРУСКІХ КАЗАК, МIФАЎ I ЛЕГЕНД", дзе наведвальнікі змогуць сустрэцца з такімі фальклорнымі персанажамі як Ёунік, Жыцень, Жэўжык, Дамавік, Злыдні, Шатаны, Лазавік і Дзедка, роставыя скульптуры якiх змешчаны ў арыгінальны мультымедыйны кантэнт (спалучэнне кароткаметражнай анімацыі (мультыплікацыі) і аўтарскага відэа, знятага ў розных гарадах і мястэчках Беларусі).

Афіцыйная прэзентацыя выставы адбудзецца 30 чэрвеня ў 17–00.

Беларусь – унікальная краіна на стыку культур. Балты і славяне, каталікі і праваслаўныя, заходнія і ўсходнія цывілізацыі сутыкаліся на яе тэрыторыі. Сляды гэтых сутыкненняў танулі ў цёмных лясах і глыбокіх балотах, ствараючы глебу для арыгінальнай народнай культуры.

Беларуская міфалогія спалучае ў сабе еўрапейскую традыцыю (з яе гномамі, пярэваратнямі і чарнакніжнікамі) са славянскай (з дамавікамі, шатанамі і злыднямі). Закансерваваны ў этнаграфічных даследаваннях і мастацкай літаратуры XVIII – XIX стагоддзяў, гэты цікавы свет практычна ніяк не прысутнічае ў сучасным медыя–асяроддзі. Не існуе прыкметных на сусветнай сцэне мастацкіх фільмаў, камп'ютэрных гульняў або іншых медыя–з'яў на гэтую тэму.

Галоўнымі героямі выставы з'яўляюцца каларытныя істоты – Дамавік і Ёўнік, Шатаны і Злыдні, Жыцень і іншыя персанажы народнай міфалогіі. Жудаснаватыя і пацешныя, яны існуюць у дрымучых лясах, старадаўніх сядзібах, балотах і азёрах як бы па–за часам. Перажываючы сусветныя войны, ядзерныя катастрофы, змены палітычных рэжымаў, яны, падобна самім беларусам, жывуць у нейкай дзэн–будысцкай мудрасці. Ігнаруючы катаклізмы, што пралятаюць над імі, яны, як і тысячу гадоў таму, займаюцца сваімі дурацкімі і касмічнымі чароўнымі справамі.

Роставыя скульптуры беларускіх казачных і міфалагічных герояў ствараліся ў рамках рэалізацыі аднаго з этапаў праекта LIPA.CLUB, мэтай якога з'яўляецца папулярызацыя беларускага сучаснага мастацтва ў свеце. Выстава ў Музеі гісторыі беларускага кіно павінна стаць пралогам да стварэння новых скульптур, анімацыі пра іншых герояў, гульнявых рашэнняў у галіне віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, паказу выставы ў іншых гарадах і краінах. Пракат выставы спачатку ў Беларусі, а пасля за яе межамі павінен заявіць пра Беларусь, як пра краіну з унікальнай гісторыяй і высокім культурным патэнцыялам.

Матэрыялы і падача выставачнага кантэнту – гэта сінтэз класічных тэхнік і падыходаў з найноўшымі лічбавымі тэхналогіямі. Візуальныя вобразы герояў выставы заснаваны на творах вядучага сучаснага беларускага графіка Валерыя Славука. Скульптуры ствараюцца таленавітым маладым скульптарам Антонам Шыпіцай, які выкарыстоўвае традыцыі акадэмічнай школы і сучасныя матэрыялы, што дазваляюць сціраць грань паміж класічнай скульптурай і "жывымі" героямі.

Змест выставы накіраваны ў мінулае – у культуру і гісторыю, а вось форма звернута ў будучыню. Куратары выставы абяцаюць наведвальнікам не толькі пагрузіць іх у свет беларускай міфалогіі, але і арганізаваць падарожжа па таемных кутках віртуальнай рэальнасці праекта LIPA.CLUB. Таксама ў рамках тэматычных мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць у час работы выставы, наведвальнікам прадставіцца магчымасць зазірнуць за грань рэальнага свету, каб з дапамогай гарнітур HTC Vive і Oculus Rift сутыкнуцца лоб у лоб з жывымі героямі беларускіх казак, міфаў і легенд...

Мэтавая аўдыторыя выставы – дзеці з бацькамі, студэнты і асобы ўзроставай катэгорыі 25+, спецыялісты і аматары беларускай гісторыі, культуры і архітэктуры.

Месца правядзення і час працы выставы:

г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Штодня з 10.00 да 19.00 (каса да 18–30).

Тэл. для даведак: +375 17 327–10–75; +375 29 627–10–75

Кошт квіткоў:

Дарослыя6 руб. / 60 000 руб.,

Студэнты, пенсіянеры 4 руб. / 40 000 руб.,

Школьнікі 3 руб. / 30 000 руб.

Відэа і інфармацыйныя матэрыялы: http://youtube.com/c/PavelArlou, http://lipa.club.