Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Белкіналета–2016"

  • 17.06.2016

"Не грошы робяць кіно, а людзі" – з такім дэвізам 17 чэрвеня ў Мінску стартуе "Белкіналета–2016". Створанае як сайд–праект фестывалю кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, мерапрыемства заклікана паказваць і расказваць пра маладое беларускае кароткаметражнае кіно.

Як і ў мінулым годзе, "Белкіналета" будзе дыслацыравацца ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея (вул. К. Маркса, 12) і радаваць гледача беларускімі стужкамі кожную другую пятніцу лета.

Праграма першага (17.06) і другога (01.07) вечароў – падборка беларускіх фільмаў, якія ўвайшлі ў розныя конкурсныя і пазаконкурсныя праграмы СРМ–2016. У трэцюю пятніцу (15.07) мадэратары пабліка "Маладое кіно Беларусі", закліканага адкрываць свету таленты зямлі беларускай, прэзентуюць фільмы, якія ім прысылаюць, і правядуць дыскусію з маладымі аўтарамі. Чацвёртая праграма (29.07) будзе складацца з мантажнага кіно – аўтарскіх фільмаў, змантаваных з чужога матэрыялу. Адзіную рэтраспектыву гэтага лета прадставіць дакументаліст Максім Швед ў пятую сустрэчу (12.08). Лета завершыцца паказам абраных кароткаметражак праекта "Хранатоп" (26.08). А 2 верасня адбудзецца батл кінашколаў – гледачы змогуць параўнаць работы Акадэміі мастацтваў і кінашколы–студыі Андрэя Палупанава, у кожнай з іх будзе па 45 хвілін на паказ.

Вечар з "Белкіналета" будзе пачынацца а 21:00 з выступу маладых беларускіх музыкаў, у сваёй кульмінацыі раскрываць беларускі кароткі метр і лагічна завяршацца дыскусійным абмеркаваннем убачанага і пачутага.

Сачыць за навінамі можна ў фэйсбуку (https://www.facebook.com/cpmfilmfest/) або "Укантакце" (http://vk.com/belkinoleto2016).

Кантактная асоба:

Вольга Ключонак (asthmamail@gmail.com, 375.259.391.245)