Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Чароўныя сны Алісы"

  • 18.05.2016

18 мая 2016 г. у Музеі прыроды і экалогіі адкрываецца персанальная выстава Алісы Папуніді "Чароўныя сны Алісы".

Што сніцца юнай мастачцы? Ды ўсё, што заўгодна! Гэта і сны пра далёкія краіны, і мары аб новых падарожжах, і героі прачытаных кніг, і яркія жыццёвыя ўражанні, і хатнія пухнатыя ўлюбёнцы. І ўсё гэта пускаецца ў чароўны вір, змешваецца з усімі фарбамі навакольнага свету, запраўляецца дзявочымі марамі і гукамі чароўных трэлей. І тады хочацца ўзяць у рукі алоўкі і тварыць. Так і з'явіліся на свет ўсе работы, прадстаўленыя на выставе "Чароўныя сны Алісы". Гэта вынік двухгадовай працы юнай мастачкі Алісы Папуніді, вучаніцы Мінскай гімназіі–каледжа мастацтваў. Усе работы выкананы каляровым алоўкам. Галоўныя героі – нашы меншыя браты–жывёлы, якія насяляюць нашу планету. Але чаму меншыя? Аўтар надзяліў іх чалавечымі рысамі і характарам. У іх вачах можна ўбачыць і цяпло, і іронію, і задуменнасць, і радасць. Юная мастачка хоча данесці да кожнага тую прыгажосць, якая знаходзіцца вакол нас. І прапануе ўсім наведвальнікам гэтай выставы зірнуць на навакольны нас свет праз прызму дзявочых чароўных сноў.