Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Адкрыццё выставы "Беларусь і беларусы" ў г. Вільнюсе (Літва)

  • 29.04.2016

28 красавіка 2016 года Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў у рамках візіту ў Літву прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці выставачнага праекта Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Беларусь і беларусы". Мерапрыемства прайшло ў беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны, што ў горадзе Вільнюсе. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль, начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вікторыя Ратабыльская.

Асноўная мэта перасоўнай выставы — паказаць лёсавызначальныя падзеі, асноўныя этапы гістарычнага і культурнага развіцця Беларусі. Выстава адлюстроўвае працэсы фарміравання і развіцця беларускага этнасу, нацыі, дзяржаўнасці, асаблівасці гістарычнага развіцця духоўных, матэрыяльных і культурных працэсаў і іх узаемасувязі з сусветнай гісторыяй і культурай, знаёміць з помнікамі гісторыка–культурнай спадчыны Беларусі. Сімвалічна, што "Беларусь і беларусы" экспануецца ў беларускай гімназіі, якая носіць імя Францыска Скарыны — аднаго з самых вядомых беларусаў, гуманіста, асветніка, першадрукара і тытана эпохі Адраджэння.

На працягу траўня выставачны праект прадоўжыць сваё падарожжа па Літоўскай Рэспубліцы і будзе прадстаўлены ў горадзе Клайпеда.