Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Мастацтва рускага мадэрна. Пошукі нацыянальнага стылю"

  • 04.02.2015

5 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Мастацтва рускага мадэрна. Пошукі нацыянальнага стылю".

Выстава знаёміць з накірункам у мастацтве, які атрымаў распаўсюд у Расійскай імперыі другой паловы XIX – пачатку XX ст. – мадэрнам. У той час грамадства звяртаецца да народнага і сярэднявечнага мастацтва, фальклору, міфа. Па-сапраўднаму мадэрн увайшоў у рускую культуру ў 1894 – 1896 гг. Галоўнымі цэнтрамі яго развіцця сталі рамесныя майстэрні ў падмаскоўным Абрамцаве, Сергіевым Пасадзе і Талашкіне пад Смаленскам. Ініцыятарамі іх стварэння былі мецэнаты, захопленыя ідэяй развіцця нацыянальнага мастацтва: у Абрамцеве гэта быў С. Мамантаў, а ў Талашкіне – М. Ценішава.

На выставе "Мастацтва рускага мадэрна. Пошукі нацыянальнага стылю" дэманструюцца прадметы з архіва мастака, удзельніка многіх прэстыжных выстаў, уладальніка шматлікіх узнагарод Уладзіміра Іванавіча Сакалова. З 1903 па 1920 гады ён загадваў вучэбнай сталярнай мастацкай майстэрняй Маскоўскага губернскага земства і валодаў вялікім калекцыйным зборам. Частка гэтай калекцыі, уласнікам якой з’яўляецца мінскі калекцыянер Андрэй Філатаў, стала асновай для выставы. Сярод экспанатаў часовай экспазіцыі музея прадстаўлены творы разьбяроў Абрамцава, Сергіева Пасада і Талашкіна і шматлікія фотаздымкі, якія ў свой час належалі Уладзіміру Сакалову.