Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Інтэрактыўная выстава "Вар'яцкая лабараторыя"

  • 12.03.2016

З 12 сакавіка па 3 ліпеня 2016 года ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом–музей I з'езда РСДРП" будзе працаваць інтэрактыўная выстава "Вар'яцкая лабараторыя", падрыхтаваная сумесна з Мінскім музеем папулярнай навукі "Элемента".

Фізіка, механіка, магнетызм – на першы погляд нам здаецца, што ўсё гэта даволі складана і далёка ад разумення, але менавіта ў нашым музеі навука становіцца не толькі даступнай, але і займальнай.

Хіба не марыў кожны з нас правесці які–небудзь навуковы эксперымент, даведацца, як працуе той ці іншы механізм і адкуль бярэцца электрычнасць? Мары спраўджваюцца! На выставе Вы знойдзеце: шар Тэслы, прыбор электрастатыкі, магнітную анамалію, магнітны ківач і яшчэ больш за дзесятак прыстасаванняў, якія дапамогуць зрабіць складаныя навуковыя доследы простымі і цікавымі. Таксама, Вы зможаце даведацца, як працуюць розныя механізмы, ці можа чалавек быць "батарэйкай", адкуль бярэцца электрычнасць і многае іншае.

Любы эксперыментатар у "Вар’яцкай лабараторыі" і дзіця, і дарослы можа самастойна правесці свой уласны эксперымент, які апісвае той ці іншы закон фізікі або з'яву прыроды. За час, праведзены ў музеі, Вы не зможаце вывучыць усю фізіку, але цікавасць да дакладных навук, цяга да ведаў і вынаходніцтваў у Вас напэўна з'явіцца!

На выставе знаходзяцца экспанаты, з якімі можна ўзаемадзейнічаць, даследаваць, разгадваць галаваломкі.

На выставе экспанаты чапаць не толькі можна, але і трэба!

Дзеці дашкольнага ўзросту дапускаюцца на выставу толькі разам з дарослымі

Дом–музей I з'езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31а