Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "...А ўсмешка засталася"

  • 10.03.2016

"…А ЎСМЕШКА ЗАСТАЛАСЯ"

10 сакавіка ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Дзяржаўнай установы "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь" – адкрыецца выстава па матывах новага беларускага анімацыйнага фільма "Марк Шагал"

Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 10 сакавіка ў 18–00.

На выставе прадстаўлены эскізы мастака–пастаноўшчыка Аллы Мацюшэўскай, каторыя сталі асноваю фонаў і вобразаў герояў мультфільма "Марк Шагал" (Студыя анімацыйных фільмаў Нацыянальнай к/с "Беларусьфільм", рэжысёр Алена Пяткевіч). Эскізы выкананы на спецыяльнай плёнцы тэмпернымі фарбамі. Потым выявы сканаваліся, разразаліся, кампанаваліся і анімаваліся. Так ствараўся свет, у якім ажылі героі гэтага фільма.

Уражанне і адчуванне аўтараў, што засталіся ад працэсу працы над мультфільмам "Марк Шагал", – унутраная ўсмешка. Усмешка, светлая энергетыка, радасныя эмоцыі грэюць знутры, дапамагаючы ўнутранаму сонцу свяціць усё ярчэй, натхняючы на пошук новых творчых ідэй і іх далейшае ўвасабленне. Сама назва: "…А ўсмешка засталася" – навеяна кнігай "Кот пайшоў, а ўсмешка засталася" рэжысёра "культавых" фільмаў Георгія Данэлія. Яго нягучныя аповеды, мудрыя і лаканічныя, пра жыццё, сяброўства і кіно выклікаюць і смех, і цень лёгкага суму – як і само жыццё.

Алла Мацюшэўская і дапамагаўшыя ёй мастачкі Інга Карашкевіч і Таццяна Удавічэнка імкнуліся трапіць у стыль Марка Шагала, перадаць яго колеравую гаму так, каб персанажы, прадметы інтэр'ера, а таксама асновы для фонаў мультфільма перадавалі атмасферу яго твораў.

Арганічна дапаўняе экспазіцыю серыя мастацкіх работ, натхнёных Шагалам і Віцебскам. Аўтарам вельмі хацелася, каб прадстаўленае на выставе падарыла ўсім хто прыйшоў сюды адчуванне святла, цяпла і радасці.

Наведвальнікі выставы стануць ледзь не першымі гледачамі новага мультфільма – спачатку падчас яго прэм'еры, а потым у рамках адмысловых паказаў.

Адрас: г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Кожны дзень (акрамя панядзелка) з 10.00 да 19.00

Тэл. для даведак: 327 10 75; 029 627 10 75