Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "РАДЗІВІЛЫ. ВЯЛІКАЯ ЭПОХА КНЯЗЁЎ"

  • 22.03.2016

Літоўска-беларуская выстава “Радзівілы. Вялікая эпоха князёў” заканчваецца. Апошні дзень работы – 27 сакавіка, гэта нядзеля, а потым – усё. Яе рарытэты Мінск, верагодна, не ўбачыць ніколі. Магчыма, асобныя экспанаты мільгнуць у інтэрнэце. Аднак подых прыгажосці, годнасці і таямніцы аблашчыць толькі тых, кто рэальна туды прыйдзе. У часе, які застаўся да заканчэння выставы, можна паўдзельнічаць у “квэстах”. Маем надзею, адукацыйны ўзровень удзельнікаў пасьля квэставых заданняў будзе яшчэ больш высокі м.

Апроч таго, на выставе “Радзівілы. Вялікая эпоха князёў” – новы аб’ект: электроннае генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў. Гэты аб’ект таксама варты ўвагі

За 500 год свайго існавання на ім утварыліся шматлікія галіны і адгалінаванні. На электронным радаводзе лёгка арыентавацца, ён структураваны па “кланавых“ лініях. Розныя колеры выступаюць маркерамі прадстаўнікоў розных генеалагічных ліній. Нясвіжская і біржанская – самыя вядомыя з іх. Аднак існуюць яшчэ і клецкая, і алыцкая, і больш дробныя адгалінаванні. У кожнай знойдуцца свае выдатныя асобы.

Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) і яго кузэн Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584) належалі да розных ліній; першы – да нясвіжскай, другі – да біржанскай (“на Біржах і Дубінках”). Хоць Радзівіл Чорны быў перакананым кальвіністам, усе наступныя прадстаўнікі нясвіжскй галіны былі католікамі. Па сваіх эканамічных і палітычных пазіцях нясвіжскія Радзівілы былі найбольш моцнымі. І цяпер больш за ўсіх нам вядомы прадстаўнікі менавіта гэтай лініі. Біржанскія ж Радзівілы (легендарная Барбара, Крыштаф па мянушцы “Пярун”, знакамітыя Януш, Багуслаў і іншыя) вызнавалі пратэстанцкія канфесіі. Нягледзячы на тое, што іх тытульная рэзідэнцыя знаходзілася ў Біржах (у этнічнай Літве), яны адыгралі вялікую ролю ў падзеях, якія ў XVII стагоддзі адбываліся на тэрыторыях Беларусі – Случчыне, Капыльшчыне, мястэчку Любча…

Генеалагічная табліца прыцягвае да сябе. Яна знаходзіцца ў музейнай зале № 14, там, дзе прадстаўлены “Трайчанскі архіў” – беларуская частка выставы “Радзівілы. Вялікая эпоха князёў”.

Пры знаходжанні ў гэтай зале з дакументамі, варта паставіцца да старадаўніх рукапісаў, найперш, як да арт-аб’ектаў, вытанчаных інсталяцый. Выгляд самой паперы колеру слановай косці, маляўнічыя плямы на яе паверхні, чорны атрамант почыркаў, каліграфічных бісерных або нязграбных брутальных, ахітэктоніка надпісаў на аркушах выклікаюць эстэтычныя ўзрушэнні; гэта вышуканы смак для гурманаў у мастацтве. Надпісы для звычайных наведвальнікаў – коды, інфармацыйныя шыфры. Можна, у лепшым выпадку, расчытаць асобныя словы, але каб сэнс паслання не застаўся таямніцай, побач пакладзены расшыфроўкі ў выглядзе дастаткова падрабязных сучасных каментарыяў.

Вось, да прыкладу, дакумент ад 20.12.1720 г. з подпісам караля Аўгуста ІІ Моцнага: дазвол Аўгуста ІІ грэка-рускаму духавенству места Слуцка на рэстаўрацыю разбуранай мураванай царквы Святой Троіцы на прадмесці Слуцкім. Гэтае прадмесце – Трайчаны. Царква моцна пацярпела ў часе Паўночнай вайны. Слуцк займалі рускія, казацкія, шведскія войскі, а таксама войска Рэчы Паспалітай. У гэты час Случчына належала нямецкаму князю Карлу Філіпу Ноўбургскаму і яго дачкам ад шлюбу з Людвікай Каралінай Радзівіл біржанскай лініі. Нягледзячы на разбурэнні Слуцк на пачатку XVIIIст. заставаўся буйным эканамічным цэнтрам Беларусі. У царкве Святой Троіцы, якая названа ў дакуменце, да 1917 г. захоўваліся мошчы Сафіі Слуцкай, святой Беларускай праваслаўнай царквы, якія цяпер зберагаюцца ў кафедральным саборы Святога Духа ў Мінску.

Альбо такі дакумент: ліст жыхароў Трайчанскага прадмесця Слуцка Дзям’яна, Яна і Янкі Каленікаў, дадзены Слуцкаму Траецкаму манастыру, з просьбай узяць на парукі свайго малодшага брата Кузьму Каленіка, які абвінавачваўся манастыром у пераходзе з манастырскага падданства ў горад Слуцк. Старэйшыя браты прысягалі выплаціць доўг іх малодшага брата ў суме 64 злотых. Бедалага Кузьма заблытаўся ў сваіх фінансавых справах і падаўся ва ўцёкі, у недалёкі Слуцк. Магчыма, ён ведаў сярэднявечную прымаўку: “Паветра горада – паветра свабоды”. Слуцк на той час быў ужо горадам вольным, меў Магдэбургскія правы, якія гарантавалі свабоду гарадскім жыхарам. Аднак добра, што больш разумныя браты маладога чалавека, маем надзею, вырашылі справу іначай.

Вось яшчэ дакумент ад 12.01.1707 г.: распіска Андрэя Калаура аб вяртанні яму манашкамі Слуцкага Свята-Іллінскага манастыра 400 злотых, пазычаных імі мінулай вясной для выплаты кантрыбуцыі шведскаму войску. У рэаліях сённяшняга часу цікава, што гэтае прозвішча ў дакуменце звязана з грашовай тэматыкай.

На выставе паказана больш за 50 архіўных дакументаў. Гэта рэдкі выпадак і даволі рызыкоўны крок – выстаўляць такую колькасць старадаўніх дакументаў у асветленай прасторы на працяглы тэрмін. Аднак сучасныя тэхналогіі даюць шанс для захавання прадметаў, і супрацоўнікі музея адважыліся рызыкнуць.

У сувязі з выставай “Радзівілы. Вялікая эпоха князёў” створаны квэст. Прапануем адно з яго заданняў.

У сярэдзіне XVII стагоддзя па ініцыятыве князя Багуслава Радзівіла

ў Слуцку была пабудавана магутная цытадэль – крэпасць з бастыёнамі і равелінамі на высокім земляным валу. Яна лічылася сярод лепшых на тэрыторыі ВКЛ. Будаўніцтва вялося згодна з правіламі галандскай фартыфікацыі, сфармуляванымі майстрам сваёй справы ў кнізе, надрукаванай у 1631 г. у горадзе Лейдэн.

 Заданне.

Знайдзіце гэтую кнігу ў адной з вітрынаў партрэтнай залы

экспазіцыі “Беларусь XVI-XVIII стагоддзяў у партрэтах і геральдыцы” і назавіце імя аўтара гэтага выдання (скарыстайцеся каментарыем да прадмета).

Экспанаты, прывезеныя з літоўскіх музеяў, гарманічна ўпісалася ў прастору стацыянарнай экспазіцыі “Беларусь XVI-XVIII стагоддзяў у партрэтах і геральдыцы”. Экспазіцыя вельмі прыгожая, мае свой непаўторны настрой. Пра такія кажуць – “атмасферная”; быць у ёй вельмі прыемна. Як высветлілася, толькі тут найбольш выразна выявіўся знакаміты эфект залатога ззяння каштоўных нітак вырабаў Слуцкай мануфактуры. Неяк вельмі ўдала падае святло на крыжы амафора з залатымі і срэбранымі ніткамі, пакладзенага ў вітрыну пад партрэтамі Ганны Кацярыны Сангушкі Радзівіл і яе мужа, Караля Станіслава Радзівіла – бацькоў фундарата Слуцкай мануфактуры, Міхала Казіміра “Рыбанькі”.

Нагадаем, што выстава “Радзівілы. Вялікая эпоха князёў” працуе па 27 сакавіка. Гэта значыць, часу для яе наведання засталося не так шмат. Затым рукапісы вернуцца ў музейныя сховішчы і будуць даступнымі выключна для вопытных даследчыкаў, а іншыя экспанаты яшчэ некаторы час будуць дэманстравацца, але ў іншых гарадах. Асобны білет на выставу набываць не трэба, дастаткова купіць агульны ўваходны. Рашэнне скарыстацца магчымасцю наведаць музей, убачыць выставу, паўдзельнічаць у квэставай праграме будзе правільным.

 

Куратар выставы, спн. Ірына Зварыка

Для таго, каб пачаць квэст Вам неабходна:

1. Спампаваць прыкладанне IZI.TRAVEL даступна ў google play і appstore (квэсты даступныя толькі на платформах android і IOS 8.0 і вышэй)

2. Абавязкова ўключыць функцыю месцазнаходжання або геолокации

3. Запусціць прыкладанне і націснуць агляд

4. Выбраць квэст Радзівілы. Вялікая эпоха князёў

5. Спампаваць яго на мабільны тэлефон альбо планшэт і пачаць праходжанне