Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Калыханцы – 35!"

  • 04.02.2016

Белтэлерадыёкампанія і канал "Беларусь 3" з 4 лютага па 1 сакавіка ладзяць выставу "Калыханцы" – 35!" У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ўпершыню будзе прадстаўлена ўнікальная калекцыя лялечных персанажаў праграмы.

Наведвальнікі музея змогуць убачыць казачных сяброў першых гледачоў "Калыханкі" – сабачку Цяву, зайчыка Даўгавушыка, воўка Вову, ката Марціна, дзяўчынку Васілінку, хлопчыка Васілька, дзядулю Лесавічка. Любімымі многімі пакаленнямі застаюцца Буслік, сімвал Беларусі, знакаміты Дзед Барадзед, усім вядомыя мядзведзік Топа, лісічка Яна і Сплюшык. І гэта далёка не поўны спіс лялечных герояў, на якіх вырасла не адно пакаленне беларусаў.

Апроч лялек, у экспазіцыі можна будзе ўбачыць рэдкія архіўныя фотаздымкі, цікавыя кадры са здымачнай пляцоўкі, калекцыю касцюмаў вядучых. Падчас выставы будзе паказаны відэафільм пра гісторыю "Калыханкі".

У дзень адкрыцця выставы самая вядомая дзіцячая праграма краіны атрымае віншаванні з юбілеем ад прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, партнёраў тэлеканала "Беларусь 3".

Святочную атмасферу і добры настрой гасцям падораць зоркі беларускай эстрады, тэатра і кіно, сярод якіх – сучасныя і былыя вядучыя "Калыханкі".

Гэта ўнікальная магчымасць акунуцца ў казку даўжынёй у 35 гадоў!

Урачыстае адкрыццё выставы – 4 лютага у 18.00. Прэс–канферэнцыі для СМІ адбудзецца ў 16.30.

Наш адрас: г. Мінск (Верхні горад),

Музычны завулак, 5

Тэлефон для даведак 220–26–67