Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава Уладзіміра Мулявіна

  • 14.01.2016

14 студзеня 2016 года ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (пер. Музычны, 5), а 16 гадзіне адкрылася выстава, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР Уладзіміра Мулявіна.

Уладзімір Георгіевіч Мулявін (12.01.1941 – 26.01.2003 гг.) творчую дзейнасць у Беларусі пачаў у 1962г. У 1969 г. становіцца мастацкім кіраўніком створанага ім вядомага ансамбля "Песняры" (першапачатковая назва – "Лявоны"). Творчасць гэтага славутага калектыва аб’яднала нацыянальную паэтычную фальклорную спадчыну ў адзіную плынь з сучасным меладызмам, адкрыла новы накірунак беларускага эстраднага мастацтва.

Важнай асаблівасцю дзейнасці У.Мулявіна з’яўляецца яднанне вакала, інструментальнай музыкі і паэзіі. Своеасаблівы тэмбр голасу, пластыка, паводзіны на сцэне, манера выканання стваралі запамінальную непаўторнасць гучання ансамбля ў цэлым. Сярод найбольш значных яго твораў "Песня пра долю", вакальны цыкл "Я не паэта", музычны спектакль "На ўвесь голас" паводле паэмы Ул. Маякоўскага, кампазіцыі "Песня бясцэнны дар", "Праз усю вайну", "Вянок" М. Багдановіча і іншыя. Талент У. Мулявіна даў новае жыццё беларускім народным песням "Касіў Ясь канюшыну", "Рэчанька", "Купалінка", "Перапёлачка". Прыхільнікі таленту У.Мулявіна з задавальненнем слухаюць вакальныя творы кампазітара на творы класікаў і сучасных паэтаў: "Александрына", "Завушніцы", "Марыся", "Чырвоная ружа", "Ой, калядкі" і шмат іншых.

Творчасць і імя Уладзіміра Мулявіна шырока вядомы за межамі Беларусі, ён разам з калектывам пабываў у многіх краінах свету, дзе слухачы і гледачы захапляліся канцэртамі ансамбля. Заслугі У.Мулявіна высока ацэнены на радзіме і за яе межамі. Ён удастоены звання народны артыст СССР, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, стаў лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў. У Маскве на "Алеі зорак" ззяе зорка нашага суайчынніка.

Сёння Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры" пад кіраўніцтвам Вячаслава Шарапава працягвае справу народнага артыста Уладзіміра Мулявіна.

Выстаўка ўключае ўнікальныя экспанаты з фондаў нашага музея: нотныя рукапісы У. Мулявіна (песні "Людзі кажуць", "Казакі", "Александрына", "Чырвоная ружа", "Малітва", "Жыві зямля", "У нашай хаце", "За поўчаса да вясны", "Песня пра гітару"); фотаздымкі; эскізы касцюмаў Юрыя Піскуна, Вольгі Дзёмкінай; канцэртныя строі "Песняроў"; магнітная стужка з рабочым варыянтам сумеснай працы калектыва "Песняры" пад кіраўніцтвам У. Мулявіна з групай "New Christie minstrels" у студыі грамзапісу фірмы Сolumbia CBS у г.Нашвілі падчас гастроляў у ЗША 1976г. (песні: "Купалінка", "Касіў Ясь канюшыну", а таксама песні на англійскай, рускай беларускай мовах "Расцвела сирень", "Вераніка", "Добры вечар дзяўчыначка").

Выстаўка працягнецца да канца студзеня 2016 г.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Музей працуе: 9.00 - 18.00

Экспазіцыя працуе: 10.00 - 17.30

Каса працуе: 10.00 - 17.00

Без выхадных