Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Часовая экспазіцыя "Ад негатыва да пазітыва"

  • 13.02.2023
З 18 лютага 2023 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выставачны праект “Ад негатыва да пазітыва”.

 Фатаграфія – выбітнае вынаходніцтва, якое паўплывала на жыццё ўсяго чалавецтва. Дзякуючы фатаграфіі людзі атрымалі магчымасць захаваць выявы навакольнага свету не толькі з дапамогай мастацтва, але і з дапамогай тэхнікі. А для нашчадкаў фатаграфія з’яўляецца каштоўнай крыніцай па захаванню і вывучэнню гістарычнай спадчыны.

Датай вынаходніства тэхналогіі фатаграфіі па рашэнні IX Міжнароднага кангрэса навуковай і прыкладной фатаграфіі лічыцца 1839 год, калі на пасяджэнні Французскай акадэміі навук быў прадстаўлены даклад аб дагератыпіі (ранні фатаграфічны працэс, заснаваны на святлоадчувальнасці ёдзістага срэбра).

Першыя фатаграфіі названы дагератыпамі ў гонар іх вынаходніка Луі Жака Мандэ Дагера. Выявы на дагератыпах у 1840 – 1850-х гадах фіксаваліся на сярэбраных або пасярэбраных медных пласцінах. Працэс быў вельмі складаны і дарагі. У 1850-х гадах пачалі з’яўляцца амбратыпы (малюнкі на шкле) і фератыпы (малюнкі на метале). Тады ж фатаграфаванне пранікла на землі сучаснай Беларусі. Першыя фатаграфіі вельмі рэдкія, малавывучаны і ўяўляюць гістарычную каштоўнасць.

На выстаўцы “Ад негатыва да пазітыва” прадстаўлены арыгінальныя дагератыпы, амбратыпы і фератыпы пачынаючы з 1840-х гадоў, унікальныя паштоўкі і фатаграфіі, фотаапараты і рэдкія друкаваныя фатаграфічныя выданні (канец XIX – пачатак XX ст.).

Для наведвальнікаў выставы арганізавана фотазона.