Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Часовая экспазіцыя «Вышыўка. З калекцыі Алены Іванаўны Дубініч»

  • 18.07.2022
18 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу часовая экспазіцыя «Вышыўка. З калекцыі Алены Іванаўны Дубініч».

Дубініч Алена Іванаўна нарадзілася ў 1946 годзе ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. З дзяцінства захаплялася вышыўкай і ткацтвам, пераняўшы майстэрства ад маці. Праз увесь свой жыццёвы шлях майстрыха пранесла любоў да народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Сярод яе вырабаў – тканыя паясы з беларускім арнаментам, пакрывалы, вышытыя іконы, якімі ўпрыгожаны храм Узнясення Гасподня г. Нясвіжа, творы з бісеру.

Асноўнае захапленне майстрыхі – вышыўка ручнікоў. У яе калекцыі знаходзяцца рукатворныя абрадавыя ручнікі для самых розных падзей чалавечага жыцця. Веды аб беларускіх народных вясельных ручніках, іх сімволіцы і фатаграфіі ручнікоў, вырабленых сваімі рукамі, Дубініч А.І. размясціла ў кнізе «Беларускі ручнік. З мінулага ў дзень сённяшні».

Алена Іванаўна з'яўляецца аўтарам серыі вышытых работ «Сталіцы рэспубліканскіх «Дажынак (1996-2013)», дзе маляўніча і з высокім майстэрствам адлюстравала гісторыю свята працаўнікоў вёскі.

На выставе прадстаўлены вышытыя абрадавыя ручнікі, запатэнтаваныя сувенірныя ручнікі «Мінск» і «Нясвіж», серыя вышытых работ «Сталіцы рэспубліканскіх «Дажынак (1996-2013)» і іншыя саматканыя і вышытыя вырабы.

 

Уваход на выставу па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.

Выстава будзе працаваць з 18 ліпеня па 7 жніўня 2022 года.