Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя календара 2015 "Зямля маіх сноў. Яўген Ждан"

  • 12.01.2015

12 студзеня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у межах выставы "Грані натхнення" адбудзецца прэзентацыя календара "Зямля маіх сноў. Яўген Ждан".

Каляндар "Зямля маіх сноў" выйшаў у серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына". Выданне прысвечана творчасці Яўгена Ждана і арганізавана па заказу агракамбіната "Сноў" (Нясвіжскі раён), адкуль родам мастак. Наклад каляндара 2300 экзэмпляраў.

Серыя календароў "Маляўнічая Бацькаўшчына" скіраваная на папулярызацыю айчыннай прыроднай спадчыны, культурнай разнастайнасці Беларусі. З 2001 г. па сённяшні дзень выйшла адзіннаццаць календароў размаітай тэматыкі: парку ў Нясвіжы, 200-годдзю Напалеона Орды, творчасці мастакоў М.Сеўрука і І.Дмухайлы, юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа, архетыпам беларускай прыроды. Серыя адкрыта для ўсіх, каму блізкая тэма айчынных каштоўнасцяў, хто марыць пра густоўны карпаратыўны каляндар з карысцю для Бацькаўшчыны.

Падчас імпрэзы можна будзе набыць каляндар з аўтографам мастака, а таксама непасрэдна пазнаёміцца з творчасцю вядомага тэатральнага мастака і заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Яўгена Ждана.

Выстава "Грані натхнення" прымеркавана да 55-годдзя творчай дзейнасці Яўгена Ждана. На ёй прадстаўлены лепшыя работы мастака: сцэнічныя эскізы да спектакляў, творы на гістарычную тэматыку, партрэты родных, а таксама работы яго вучня, мастака-аматара Аляксандра Рашэтнікава. Выстава працуе да 1 сакавіка.

Прэзентуе каляндар кіраўнік праекта "Маляўнічая Бацькаўшчына", журналіст-эколаг Валер Дранчук.