Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Батлейка. Класіка і сучаснасць»

  • 25.09.2021

Гасцёўня Уладзіслава Галубкапрадстаўляе выставу «Батлейка. Класіка і сучаснасць»

Беларускі народны тэатр Батлейка з'яўляецца адным са старажытных відаў беларускага мастацтва. Назва "батлейка" паходзіць ад горада Віфліем, дзе, паводле біблейскага падання, нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пра сувязь паходжання батлейкі з біблейскай тэмай сведчаць кананічныя сюжэты пастаноўкі "Цар Ірад". Іншыя варыянты назвы гэтага старажытнага тэатра-батлеемка, остмейка або жлоб.

Прынята лічыць, што тэатры батлеечнага тыпу з'явіліся ў Еўропе ў XY ст. Для беларускага батлеечнага тэатра характэрныя тыя ж асаблівасці, што і для еўрапейскіх тэатраў сярэднявечча. Батлеечныя спектаклі сваімі сюжэтамі звычайна малявалі сацыяльныя і рэлігійныя працэсы, якія мелі месца ў грамадстве.

Рэпертуар батлеек можна падзяліць на 2 жанры: высокі-рэлігійная тэматыка і нізкі-сатырычныя сцэнкі з народнага жыцця. У сувязі з гэтымі асаблівасцямі, скрыні батлеек будаваліся па некалькі розных тыпах. І кожнае месца батлеечнай канструкцыі мела свой асаблівы сімвалізм: з левага боку верхняга яруса звычайна знаходзіўся "рай", з правага боку ніжняга яруса – "пекла".

У Беларусі існавала некалькі тыпаў батлеечных тэатраў: аднапавярховыя, двухпавярховыя, трохпавярховыя, двухпавярховыя з вежай, батлейкі па прынцыпу ценявога тэатра, батлейкі з празрыстымі дэкарацыямі, якія мяняліся падчас спектакля, батлейкі "зоркі".

Выстаўка "Батлейка. Класіка і сучаснасць."сабрала ў сабе экспанаты з розных куткоў Беларусі. Сярод удзельнікаў: ДУА «Гімназія № 28 г. Мінска», ДУА «СШ № 4 г. Мінска», ДУ «Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі», Народны тэатр лялек «Капялюш» ДУК «Цэнтр культуры г. Наваполацка», ДУА «Навасельскі яслі – сад», тэатральны гурток «Жаронцы» ДУК «Цэнтр народнай творчасці» г. Ракаў, ДУА «Яслі – сад № 11 г. Віцебска», таксама прадстаўлены прыватныя калекцыі.

На выстаўцы прадстаўлена больш за дзесяць батлеек, як класічных, так і сучасных інтэрпрэтацый класікі, батлейка па прынцыпе ценявога тэатра, выяўленча – апавядальны театр Камішыбай, жлоб і вельмі рэдкая марыянеткавая батлейка.

Батлейка, за сваю ўжо даволі немалую гісторыю развіцця, аказала ўплыў на фарміраванне традыцыйнага лялечнага тэатра, а таксама на беларускую культуру і драматургію. Традыцыі батлеечнага тэатра выкарыстоўваюцца і сёння ў прафесійным сцэнічным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, у пастаноўках лялечных тэатраў. Ды і само батлеечнае мастацтва здабывае новае жыццё, ва ўсё большай колькасці новых разнавіднасцяў батлеечных тэатраў.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г.Мінск, вул.Старавіленская, 14

Без выхадных дзён, з 10.00 да 17.30

Тэл. для даведак (017) 243-74-03