Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Геалакацыя Мінск. Графіка ХХ ст.”

  • 09.09.2021

9 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выстава “Геалакацыя Мінск. Графіка ХХ ст.”. Выстава прымеркавана да Дня горада, які традыцыйна Мінск адзначае ў другую субботу верасня. У 2021 годзе гэта дата выпадае на 11 верасня, і сталіца адзначае свой 954 дзень нараджэння.

На выставе прадстаўлены жывапісныя і графічныя работы са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, сярод якіх можна будзе ўбачыць знаёмыя лакацыі, плошчы і вуліцы беларускай сталіцы. Гэта своеасаблівая рэтраспектыва апошніх 200 гадоў існавання Мінска, дзе кожны перыяд прыкметны сваімі асаблівасцямі, знакавымі для гараджан падзеямі: урбанізацыяй, развіццём і ваеннымі разбурэннямі, будаўніцтвам новых мікрараёнаў і адраджэннем гістарычнага цэнтра, гарадскімі святамі і буднямі мінчан.

Вядомыя мастакі і менш папулярныя аўтары выступаюць у ролі гістарыёграфаў беларускай сталіцы, яны па-свойму адлюстроўваюць яе на палотнах і паперы, але кожнаму з іх удаецца перадаць тое, што называюць душой горада.

Так творы Віктара Сташчанюка – у яго рэканструкцыях гарадскіх панарам і помнікаў дойлідства – ілюструюць выгляд Мінска ў пачатку XIX ст. А дзякуючы работам Мікалая Дучыца мы ведаем, як выглядаў Мінск у даваенны час, у перыяд акупацыі і разбурэнняў.

Жывапісныя і графічныя работы 1950–1960-х гадоў пранізаны атмасферай вялікай будоўлі, надзеяй на добрую светлую будучыню, настроем мірнага і спакойнага жыцця. Гэты перыяд знаходзіць адлюстраванне ў працах Анатоля Тычыны.

У творах 1970–1980-х гадоў прасочваецца настальгія па старым горадзе, цікавасць да гістарычнай спадчыны, а таксама новыя працэсы дынамічнага развіцця горада. Сярод аўтараў гэтага часу вылучаюцца працы Кацярыны Паплаўскай: мастацкія творы пранізаны цікавасцю да гарадской архітэктуры, адрозніваюцца пэўным “урбанізмам”, майстэрствам валодання графічнымі тэхнікамі.

Графічныя творы здольны перадаваць многія нюансы і дэталі, яны выдатна адлюстроўваюць трансфармацыю, якую Мінск зведваў на працягу ХХ ст., – з яе як разбуральнай, так і стваральнай скіраванасцю. Прадстаўленыя мастацкія творы з’яўляюцца цікавым дакументальным матэрыялам для даследчыкаў архітэктуры і гарадскога побыту.

Выстава працуе па 26 верасня 2021 года

Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Штодня 11.00 – 19.00