Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Антыкварнае каралеўства»

  • 25.06.2021

Гасцёўня Уладзіслава Галубка прадстаўляе выставу «Антыкварнае каралеўства»

25 чэрвеня ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу выстава «Антыкварнае каралеўства», на якой вырашылі «успамянуць маладосць» антыкварныя лялькі калекцыянера Алы Алёнінай.

У экспазіцыі прадстаўлена вялікае мноства разнастайных лялек з пап’е-машэ, кампазіту, дрэва, бісквітнага фарфору, тэкстылю і воску, самыя раннія з якіх датуюцца 60-мі гадамі ХІХ стагоддзя, а самыя познія – савецкім перыядам. Тут – старадаўнія цацкі і лялечныя аксесуары, фарфоравы лялечны посуд, калыскі, плеценыя стульчыкі, драўляныя конікі і нават дзіцячая педальная машынка савецкага перыяду.

Большасць лялек трапіла ў калекцыю Алы Алёнінай у кепскім стане. З гэтымі лялькамі гулялі дзеці, таму так мала засталося іх у добрым выглядзе. Даводзілася рэстаўраваць не толькі саміх лялек, але і рэанімаваць іх прычоскі, адзенне і галаўныя ўборы з максімальным захаваннем старадаўніх тэхналогій, выкарыстаннем тканін тых часоў, біжутэрыі, карункаў і нават валасоў. Гэта вельмі важна, бо такімі лялькамі выхоўвалі дзяцей, далучалі іх да культуры, усе ўборы і аксесуары былі дакладнай копіяй тагачаснай моды, толькі ў мініяцюры. Антыкварныя лялькі валодаюць амаль магічнай прыцягальнасцю, хоць некаторых могуць напалохаюць.

Асноўнымі вытворцамі лялечнай індустрыі былі фабрыкі Германіі і Францыі. Цэнтрам выставы сталі лялькі, створаныя не для дзяцей, а спецыяльна для дарослых жанчын – французскіх модніц і свецкіх львіц. Калісьці такія лялькі дэманстравалі навінкі моды! Гэта знакамітыя будуарныя лялькі, вельмі папулярныя ў 30-х гадах ХХ стагоддзя. Кожная з іх – унікальная, са сваёй гісторыяй, захаванай да нашых дзён.

Адны з самых чароўных антыкварных лялек – лялькі-ігольніцы Half dolls – таксама прадстаўлены ў антыкварным каралеўстве. Гэта лялькі-палавінкі, створаныя з паліванага фарфору, кампазіту, воску ці дрэва ўверсе, а ніз лялькі – гэта шырокая спадніца ў выглядзе падушачкі для іголак, скрыначкі, шкатулкі, мяцёлкі, грэлкі на чайнік, будуарнай лямпы, парасоніка і іншых жаночых аксесуараў.

Выстава «Антыкварнае каралеўства» будзе цікавая шырокаму колу гледачоў.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Без выхадных дзён, з 10.00 да 17.30

Тэл. для даведак (017) 243-74-03