Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Часовая экспазіцыя «Зруйнаваныя надзеі»

  • 22.06.2021

22 чэрвеня 2021 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё сумеснай часовай экспазіцыі, прысвечанай 80-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Вялікая Айчынная вайна стала вялікім выпрабаваннем для савецкага народа, асабліва для Беларусі. Яе тэрыторыя была цалкам занята нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым, заснаваны на рэпрэсіях, гвалце, рабаўніцтве нацыянальнага багацця. Але беларускі народ, нягледзячы ні на што, гераічна змагаўся з акупантамі на фронце і ў тыле, чым зрабіў непараўнальна вялікі ўнёсак у Вялікую Перамогу над гітлераўскай Германіяй.

Але вайна – гэта не толькі гераічнае змаганне, гэта вялікая трагедыя і вялікі смутак. Амаль кожны трэці жыхар Беларусі загінуў у час ваеннага ліхалецця, былі зруйнаваны гарады, спалены вёскі, знішчаны народнагаспадарчыя аб’екты. Былі растаптаны людскія лёсы, надзеі на будучыню, на шчаслівае жыццё.

Мінск з’яўляецца яскравым прыкладам і гераічнага змагання, і знішчаных надзей. Яшчэ 21 чэрвеня 1941 года ў горадзе віравала мірнае жыццё, гараджане працавалі, адпачывалі, спадзяваліся на светлую будучыню. Але град бомбаў, які абрынуўся на горад у першыя дні вайны, прыход акупантаў, азвярэлых ад людской крыві, зруйнавалі гэтыя надзеі. Толькі праз тры гады фашысцкай няволі Мінск быў вызвалены і, як птушка Фенікс, стаў паўставаць з попелу і руін.

Часовая экспазіцыя прадстаўляе фотакалажы вядомага гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава, якія дэманструюць выгляд нашай сталіцы даваеннага перыяду, выявы тых жа кварталаў пасля варварскіх нямецкіх бамбардзіровак першых дзён вайны і сучасны выгляд адноўленага, мірнага горада. Асобнае месца ў часовай экспазіцыі займае відэапрэзентацыя (відэафільм) трохмернай мадэлі фрагмента гарадскога асяродка 30-х – пач. 40-х гг. ХХ ст., у якім адноўлены ландшафт, планіровачная структура, архітэктурныя дамінанты, выканана гіпатэтычная рэканструкцыя шэраговай забудовы, што стварае непаўторную атрмасферу даваеннага Мінска.

Таксама выкарыстаны фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі Паўла Растоўцава. Экспазіцыя створана пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры».

г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Тэл. (017) 374-83-22

http://histmuseum.by/

http://kolasmuseum.by/