Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Музейны праект “Май Данцыг. Унутры ідэі”

  • 14.06.2021

14 чэрвеня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё музейнага праекта “Май Данцыг. Унутры ідэі”. Ён складаецца з дзвюх частак, аднайменнай выставы і фотавыставы “Горад, які змяняецца”.

У праекце прымаюць удзел Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі саюз мастакоў. На выставе будуць прадстаўлены асабістыя побытавыя рэчы мастака, прафесійныя інструменты, таксама экспануецца ўнікальны сямейны фотаархіў, фотаздымкі з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея.

Май Вольфавіч Данцыг – народны мастак Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальнік ордэна Францыска Скарыны і ордэна Пашаны – яркая з’ява ў гісторыі нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя. Ён нарадзіўся ў 1930 годзе ў Мінску і большая частка яго жыцця была звязана з гэтым горадам. Калекцыя фотаздымкаў з сямейнага архіва пазнаёміць з творчай біяграфіяй мастака.

У 2019 годзе дачка мастака, Ала Данцыг, перадала Нацыянальнаму гістарычнаму музею калекцыю прадметаў – асабістых рэчаў яе бацькі (палітры, эцюднікі, фотаапараты, масціхіны, пэндзлікі і так далей). Некаторыя прадметы выкарыстоўваліся Маем Данцыгам у якасці натуры.

Прафесійная мастацкая дзейнасць Мая Данцыга пачалася ў 1960-х гадах. Тэма горада заўсёды была адной з галоўных тэм у творчасці мастака, а для горада Мінска гэта быў час буйнога росту і перамен. Не толькі прадметы і людзі, але і сам горад становіцца натурай для майстра.

Фотавыстава “Горад, які змяняецца” з дапамогай архіўных фотаздымкаў з калекцыі музея пакажа жыхарам сталіцы Мінск, такі знаёмы, але невядомы горад. Дасць магчымасць пабачыць этапы будаўніцтва горада, прасачыць за яго змяненнямі ў перыяд ад заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і да пачатку 70-х гадоў.

На выставе ў наведвальніка будзе магчымасць паспрабаваць дакрануцца да творчасці Мая Данцыга і нават стаць на месца мастака, адчуць неабсяжнасць яго мастацкага і чалавечага генія. Выстава выступіць прызмай, праз якую наведвальнік пазнаёміцца з Маем Данцыгам не толькі як з персаналіяй з энцыклапедыі па мастацтвазнаўству, але і як з жыхаром Мінска і сведкам сваёй эпохі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Штодня з 11.00 да 19.00

тэл. (017) 3748322