Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Мастацтва музейнай рэстаўрацыі”

  • 21.05.2021

21 мая 2021 года а 16-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава “Мастацтва музейнай рэстаўрацыі”.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь – адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. Яго збор – найбуйнейшы па колькасці артэфактаў, ён налічвае амаль 500 тысяч адзінак музейных прадметаў. Гэта археалагічныя знаходкі, мэбля, грашовыя знакі, іконы, фатадакументы, кнігныя выданні, музычныя інструменты і іншыя. Многія з іх здабылі другое жыццё дзякуючы працы рэстаўратараў.

Выстава распавядае пра тую частку музейнай дзейнасці, якая звычайна схаваная ад вачэй наведвальнікаў – пра рэстаўрацыю, якая дазваляе вывучыць, захаваць музейныя каштоўнасці ад разбурэння і прадставіць гледачу. Рэстаўрацыя, рэканструкцыя, аднаўленне і кансервацыя – гэта не проста “рамонт” прадметаў, гэта складаны і шматгранны працэс, спалучаны з самакантролем, пастаянным прыняццем рашэнняў і адказнасцю за іх. Перад спецыялістамі штосекундна стаіць праблема выбару таго ці іншага метаду ўмяшання ў сапраўдную “тканіну” музейнага прадмета.

Дадзеная выстава – гэта вынік велізарнай, працаёмкай і карпатлівай працы аддзела рэстаўрацыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у якім на сённяшні дзень працуе 5 мастакоў-рэстаўратараў. У экспазіцыі прадстаўлены розныя па характары, матэрыялах і часу стварэння артэфакты з калекцый музея. Гэта знакаміты веджвудский фарфор XIX ст., чыгунны прас, прыгожы столік з бронзы, размаляваны кітайскі чайнік XVIII ст., савецкі самавар і іншыя. Усе яны з'явяцца ў вітрынах дзякуючы намаганням музейных рэстаўратараў.

Таксама 28 мая на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пройдзе семінар “Айчынная рэстаўрацыя: вопыт і перспектывы”, прысвечаны пытанням захавання, кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў з удзелам вядучых спецыялістаў у гэтай галіне.

Выстава працуе з 21 мая па 13 чэрвеня 2021 г.

па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Штодня з 11.00 да 19.00.

Тэл. (017) 374-83-22