Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



4 красавіка 1557 года нарадзіўся Леў Сапега. Сёлета яму спаўняецца 464 гады

  • 04.04.2021

4 красавіка 1557 года нарадзіўся Леў Сапега. Сёлета яму спаўняецца 464 гады.

Леў Сапега (1557.04.04, Астроўна, Віцебскі павет – 1633.07.07, Вільня), палітычны і грамадскі дзеяч ВКЛ, пісар (1581-1585), падканцлер (1585-1589) і канцлер вялікі літоўскі (1589-1623), ваявода віленскі (з 1621), гетман вялікі літоўскі (1625-1633), стараста слонімскі, брэсцкі, магілёўскі. Адзін са складальнікаў і фундатар выдання “Статут Вялікага Княства Літоўскага” 1588 г., адзін з арганізатараў Трыбунала ВКЛ (1582). Прадстаўнік старэйшай чарэйскай лініі роду; сын Івана Сапегі, старасты драгічанскага, падстарасты аршанскага і Багданы з князёў Друцкіх-Сакалінскіх.

Невядомы мастак. 1617 г. (?). Палатно, алей.

102х79,5 см

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Паступіў ад мастака Пётры Сергіевіча (1900-1984) з Вільнюса 19.04.1968. Да 1944 – у калекцыі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.

На партрэце справа ўверсе – прыватны герб Л. Сапегі, пяціпольны з лабрамі. У сэрцавым полі – родавы герб “Ліс”; у правым верхнім геральдычным полі – “Сапега” (тры лілеі), верагодна, герб Фёдара Іванавіча, дзеда канцлера; у левым верхнім геральдычным полі – “Пагоня”, герб Ганны Сангушкі, бабкі па лініі бацькі; у правым ніжнім геральдычным полі – “Друцк” (меч лязом уніз у атачэнні чатырох паўмесяцаў), герб Багданы Друцкай-Сакалінскай, маці канцлера; у левым ніжнім геральдычным полі – “Талачынскі” (сагнутая ў локці рука рыцара, працятая стралой), герб бабкі па лініі маці Н. Ю. Талачынскай.

Герб на партрэце не адпавядае класічным патрабаванням геральдыкі: ніжнія палі памяняліся месцамі ў адрозненне ад гравюрнай класічнай выявы асабістага гербу Л. Сапегі ў выданні Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.

Над гербам і пад ім надпісы ў 3 і 2 радкі: “LEO SAPIEHA CANCELL // M.D.Lit. MOHIL. BЕRES // CAPITANEVS /// ǼTATIS SVǼ 60 // ANNO DNI/ 16.1.6” (“Леў Сапега канцлер // ВКЛіт.[оўскага] Магіл.[ёўскі] Берас[цейскі] стараста /// Веку свайго 60 // Року Панскага 16.1.6”).

Дадатковую інфармацыю глядзіце па спасылцы.