Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Героі. Падзеі”

  • 07.04.2021

Выстава “Героі. Падзеі” праводзіцца ў рамках фестывалю скульптуры “SculptFest” – маштабнага выставачнага марафону, які аб'ядноўвае на розных арт-пляцоўках большасць дзеючых мастакоў-скульптараў з усёй Беларусі. Праект падрыхтаваны секцыяй скульптуры ГА “Беларускі саюз мастакоў”. Асобная экспазіцыя фестывалю ставіць сваёй мэтай паказаць станковыя творы, малыя мадэлі манументаў як рэалізаваных, так і тых, што яшчэ праектуюцца.

Апошнім часам усё часцей ідзе гаворка аб самаідэнтыфікацыі беларусаў, сцвярджэнні нацыянальных каштоўнасцей праз устанаўленне скульптурных помнікаў, манументаў. Сярод найбольш значных падзей у апошнія гады: адкрыццё помнікаў князю Гедыміну ў Лідзе (скульптары С. Аганаў і В. Нечай), канцлеру і вялікаму гетману ВКЛ Льву Сапегу ў Слоніме (скульптары І. Міско, У. Піпін, С. Логвін), манументальных кампазіцый “Брэсцкая Біблія” ў Брэсце (аўтар А. Нічыпарук) і “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці” ў Полацку (скульптар У. Піпін). Не пакінула абыякавай грамадскую супольнасць стварэнне такіх значных мемарыялаў, як “Трасцянец” (аўтар – К. Касцючэнка) і мемарыяльны комплекс ў в. Боркі (аўтары І. Арцімовіч, А. Сакалоў). Ушанаванне велічных, вартых памяці асоб і падзей мінуўшчыны дае сучаснікам натхняльны ўзор служэння Айчыне, спрыяе выхаванню трывалай грамадзянскай пазіцыі.

Шырокае кола майстраў працуюць самастойна над праектамі і мадэлямі помнікаў, якія дагэтуль не сталі прадметам замоў. У выставе бяруць ўдзел такія слынныя майстры айчыннай скульптуры, як І. Міско, А. Арцімовіч, Ю. Анушка, С. Аганаў, А. Шапо, П. Лук, І. Засімовіч і інш. Здольнасць і памкненне сучасных творцаў па-мастацку выказвацца на тэмы айчыннай гісторыі і праз такія творы ўсталёўваць дыялог з сучаснікамі павінны служыць умацаванню дзяржавы і еднасці грамадства краіны. Таму асновай мастацкага напаўнення выставы “Героі. Падзеі” сталі творы, якія тэматычна адлюстроўваюць этапы будавання беларускай дзяржавы і падзеі, звязаныя з яе гісторыяй, прадстаўляюць асоб, якія вылучыліся ў лёсавырашальных для краіны абставінах.

Асаблівасці мастацкіх сродкаў скульптуры, спалучэнне яе матэрыяльнасці з метафарычнасцю, магчымасць карыстацца маштабам і трохвымернасцю ў спалучэнні з архітэктурнай прасторай, здольныя ёміста данесці ідэю трываласці шматвекавой традыцыі дзяржаўнасці на нашай зямлі і пры гэтым паказаць узаемную сувязь з гісторыяй суседніх краін, улучанасць падзей нацыянальнай гісторыі ў рэгіянальныя, агульнаеўрапейскія і сусветныя працэсы, прадставіць постаці народжаных на нашай зямлі і ўслаўленых таксама іншымі народамі…

Адна з задач выставы – ініцыіраваць складанне спіса гістарычных асоб і падзей, вартых увасаблення ў помніках, як арыенціра для паслядоўнай працы розных мастакоў, а таксама для прыняцця рашэнняў у напрамку здзяйснення гэтага плана “манументальнай прапаганды”.

Наталля Юшкевіч