Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “ЧАС – ХУТКАЯ РАКА…”

  • 30.03.2021

30 сакавіка ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – у рамках святкавання 50-годдзя беларускага анімацыйнага кіно адкрыецца выстава-атракцыён па матывах творчасці ветэрана беларускай анімацыі, мастака і рэжысёра Алы Мацюшэўскай.

Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 30 сакавіка а 17-й гадзіне.

Панараму беларускай анімацыі нельга ўявіць без самабытнага і ўнікальнага талента мастака-пастаноўшчыка Алы Мацюшэўскай. Гэтаму майстру падуладна ўсё – і стылістыка дзіцячага малюнка ў стужцы “Лыжка для салдата”, і глыбокае пранікненне ў візуальнае мысленне Марка Шагала ў карціне “Марк Шагал. Пачатак”, і тонкае адчуванне эпохі Адраджэння ў фільме “Дантэ. Беатрычэ”. Майстэрства Мацюшэўскай надае нашай анімацыі дыханне высокай выяўленчай культуры і нясе выразнае пачуццё стылю.

На выставе прадстаўлены аўтарскія эскізы Алы Мацюшэўскай, якія сталі асновай фонаў і вобразаў герояў амаль двух дзясяткаў мультфільмаў студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і адлюстроўваюць творчы пошук аўтара, асноўныя этапы яго працы – раскадроўка (выяўленчы канспект будучага фільма), падрыхтоўчыя і стылявыя эскізы і, нарэшце, кадры з гатовых фільмаў, многія з якіх, дарэчы, адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў менавіта за выяўленчае вырашэнне.

Арганічна дапаўняе і ўзбагачае экспазіцыю серыя гульнёвых атракцыёнаў (аптычных ілюзій) на аснове кадраў і персанажаў прадстаўленых фільмаў, а таксама тэматычныя інсталяцыі і фотазона.

Пазнаёміць наведвальнікаў з багатым і шматгранным мастацкім светам Алы Мацюшэўскай, перадаць ім адчуванне святла, цяпла і радасці, якое пранізвае яе творчасць, – так можна сфармуляваць звышзадачу ўсіх элементаў арыгінальна аформленага выставачнага праекта “Час – хуткая рака...”.

На працягу працы выставы яе прадметная экспазіцыя будзе дапаўняцца экраннай – рэтраспектывай лепшых мультфільмаў Алы Мацюшэўскай.

Месца правядзення выставы: г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Расклад працы: штодня з 11.00 да 19.00

Тэл. для даведак: (017) 397 86 75; (029) 627 10 75