Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Нітка часу ў прасторы»

  • 13.03.2021

Гасцёўня Уладзіслава Галубка прадстаўляе выставу «Нітка часу ў прасторы».

Жывапіс – гэта перш за ўсё свабода самавыяўлення. Хочаце даведацца аб гэтым яшчэ больш? Дакраніцеся да работ, прадстаўленых на выставе «Нітка часу ў прасторы» беларускай мастачкі Людмілы Рыбаковай. Не бяжыце – спыніце імгненне. Вы ўсё пачуеце і зразумееце…

Мастакоў часта лічаць людзьмі «не ад свету гэтага». Напэўна, дакладней было б сказаць, што рэаліі на іх карцінах зусім не тыя, у якіх майстры жывуць. Гэта міры блізкія і далёкія, учорашнія і заўтрашнія, міры любові нянавісці, гармоніі і хаосу, міры мёртвыя і яшчэ не народжаныя. Мастакам дадзена магчымасць бачыць неверагоднае і простае, мудрагелістае і жорсткае разам з рэальным і выдуманым, даверыцца самому сабе, сваім адчуванням і ўласнаму ўнутранаму свету.

Гуляючы ў прасторы наваколля, мы бачым свет аб’ектаў, у іншай – свет мар, у трэцяй – свет сноў. Усё залежыць ад фокуса ўвагі... ад нейкай ступені расшырэння свядомасці. Чым менш увагі захоплівае аб’ект, тым больш яно свабоднае.

Мастак можа ўсведамляць, што любы фокус увагі, унутраны або знешні, на ўсіх планах быцця стварае ілюзію, і яго задача – убачыць яе прыроду, усвядоміць прыгажосць узаемаадносін супрацьлегласцей, як боскую гульню святла і цені. Містык Экхарт Толе сказаў, што задачай мастацтва з’яўляецца «дасягненне бясформеннага пасродкам формы». Але зрабіць гэта можна толькі праз пачуццё прыгожага, праз адчуванне прыгажосці. Бо «прыгажосць ёсць адчувальная форма дабра і ісціны», як гаварыў філосаф Уладзімір Салаўёў.

Работы, прадстаўленыя на выставе, напісаны аўтарам у стылі сюррэалізму. Іх нельга глядзець бегла, трэба спыняцца і ўглядацца ў тонкасці аповеду, толькі тады свет палатна адкрые шмат закрытых, на першы погляд, дзеянняў, эмоцый, пачуццяў, пераасэнсаваных пабудоў сусвету. Работы выкананы ў тэхніцы інтуітыўнага мастацтва, аўтар нічога не прадугледжвае загадзя, выява кладзецца на палатно, як бы ўжо жыве там, трэба толькі яе праявіць. І няважна – гэта тэхніка мокрай акварэлі або пісьмо акрылам, – работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, гавораць з вамі, трэба толькі іх паспрабаваць зразумець і пачуць.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Без выхадных дзён: з 10.00 да 17.30

Тэл. для даведак: (017) 243-74-03