Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Вобразы мілыя роднага краю…”

  • 11.03.2021

11 сакавіка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё персанальнай выстаўкі акварэльных і графічных работ Аляксандра Іванавіча Лакоткі “Вобразы мілыя роднага краю…”.

Аляксандр Іванавіч Лакотка – архітэктар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. У сваёй прафесійнай дзейнасці займаўся навуковай працай у галіне тэорыі і гісторыі, аховы і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Даследаваў агульныя і рэгіянальныя рысы беларускага народнага дойлідства. Стварыў навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як выніку сінтэзу будаўнічага мастацтва Усходу і Захаду Еўропы.

Вывучаючы гісторыка-культурную спадчыну, Аляксандр Іванавіч шмат гадоў падарожнічаў па Беларусі і выканаў не адну серыю акварэльных і графічных работ краявідаў рэгіёнаў, запаведных мясцін, прыгожых відарысаў. Любімыя тэмы мастака – прырода, палі і лугі, лясы і далягляды, тыповыя беларускія вёскі: Залессе і Зарэчча, Забалацце і Балотчыцы, Селішча, Нізок, хутары і мястэчкі (Дзятлава і Рубяжэвічы, Гервяты і Варняны, Солы і Свір), помнікі беларускага дойлідства.

Творы вылучаюцца светлым каларытам, маляўнічасцю фарбаў, паэтыкай і лірызмам, працягваюць традыцыі беларускага жывапісу, малюнка, графікі.

Сакавіты каларыт, каляровая паліфанія дазваляюць аўтару стварыць непаўторныя, мілыя вобразы роднай зямлі. Светлыя нябёсы, буйныя вятры, малады летні дождж ствараюць аўру гэтых карцін. Пагоркі і лагчыны, блакітныя вочы азёр, шум бярозавага гаю, вясковыя дарогі, стрэхі прашчураў, царкоўныя вежы – вось той апавядальны, эпічны змест гэтых твораў.

Разам з тым малюнкі дакументальна дакладныя: гэта летапіс роднай зямлі нашага часу, дар нашчадкам, пасыл у будучыню.

Выстаўка праводзіцца ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства.

Выстаўка працуе па 4 красавіка 2021 года.

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12

тэл. (017) 374-35-32, 374-83-22