Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Простыя рэчы. Імбрыкі”

  • 05.03.2021

З 5 сакавіка 2021 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыта выстава “Простыя рэчы. Імбрыкі” з калекцыі фарфору вытворчасці Мінскага і Добрушскага фарфоравых заводаў 1960–2000-х гг.

Галоўны экспанат на выставе – імбрык (чайнік) як адзін з найбольш традыцыйных і папулярных відаў посуду, які ёсць у кожным доме. Ён стаў сімвалам ветлівасці і гасціннасці, аб’ядноўваючы людзей за гарбатай. У сучасных нарматыўных слоўніках адзначана, што “імбрык”, “імбрычак” – устарэлае слова, якое абазначае пасудзіну для настойвання, а слова “чайнік” абазначае і як пасудзіну для гатавання вады, напрыклад, на пліце, і як пасудзіну, напрыклад, фарфоравую для настойвання чаю. Выстава адлюстроўвае змены формы і спосабаў дэкарыравання фарфоравага посуду пад уплывам часу, моды і стыляў.

Упершыню наведвальнікам музея прадстаўлены ўзоры-эталоны вырабаў, якія былі зацверджаны да вытворчасці Мастацкім саветам Мінскага фарфоравага завода, пачынаючы з 1960-х гг. Пасля закрыцця завода напрыканцы 2000-х гг. буйная калекцыя з больш 10 тысяч фарфоравых вырабаў, якая збіралася ў заводскім музеі, трапіла ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Сёння многія вырабы існуюць у адзіным экзэмпляры і захоўваюцца толькі ў музейным зборы. На выставе прадстаўлены творы В.А. Кірыленка, В.Г. Гаўрылава, Л.Я. Багданава, В.А. Леантовіча, Г.В. Літвіненка, В.Я. Данчук, В.Я. Скрабінай – мастакоў, якія на працягу часу надавалі асаблівы стыль мінскаму фарфору.

У 1978 г. запрацаваў фарфоравы завод у Добрушы Гомельскай вобласці, які існуе і дагэтуль, працягваючы радаваць пакупнікоў разнастайным асартыментам. Наведвальнікам выставы будзе цікава ацаніць мастацкія асаблівасці і якасць дэкаратыўнага фарфору, створанага ў 1980–1990-х гг. мастакамі М.А. і Л.М. Гатальскімі, Л.М. і В.В. Кавальчукамі.

Гэтая выстава – першая ў шэрагу выставачных праектаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з агульнай назвай “Беларускі фарфор”. Мэта праекта – паслядоўная дэманстрацыя вялікай і разнастайнай музейнай калекцыі беларускага фарфору ў найбольш зручнай і цікавай для наведвальнікаў форме.

Выстава працуе з 5 сакавіка па 2 траўня 2021 г.

па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Штодня з 11.00 да 19.00.

Тэл. (017) 374-83-22