Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Шляхамі часу”

  • 10.02.2021

10 лютага а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны Мікалая Апіёк “Шляхамі часу”, прымеркаваная да 85-гадовага юбілею мастака.

Творчасць Мікалая Апіёк – мужная і адначасова паэтычная – прыцягвае шырынёй ахопу гісторыі беларускага народа і значных падзей сучаснага жыцця. Вайна і мір, лёс чалавека, гістарычныя асобы, сельскае жыццё – змест палотнаў мастака. Работы Мікалая Апіёк адрозніваюцца складанасцю тэматычных кампазіцый, аўтарскім бачаннем, яркім каларытам, філасофскім аналізам адлюстраванага, вобразнасцю мыслення на палатне.

Галоўнае месца ў творчасці мастака займае лёс чалавека ў гістарычным летапісе Радзімы. Героямі яго работ з’яўляюцца славутыя дзеячы беларускай гісторыі і культуры, імёны якіх назаўжды ўвайшлі ў летапіс Беларусі: “Усяслаў Чарадзей”, “Крыж Еўфрасінні Полацкай”, “Партрэт Дуніна-Марцінкевіча”. Вобразы герояў Мікалай Апіёк знаходзіць не толькі ў мінулым, але і сярод сучаснікаў. У партрэтах ён увекавечыў герояў спорту Аляксандра Мядзведзя і Дар’ю Домрачаву, вядомых акцёраў беларускай сцэны Стэфанію Станюту і Валерыя Раеўскага, талентавітых музыкантаў Ігара Лучанка і Уладзіміра Мулявіна.

Адна з цэнтральных тэм у творчасці мастака – тэма беларускай вёскі. У сваіх творах Мікалай Апіёк апявае жыццё чалавека працы: “Калектывізацыя. Год 1929”, “Касец”, “Жняя”, “Бітва за хлеб”, “Працаўнікі сяла”, а яго пейзажы пранізаны вялікай любоўю да сваёй зямлі.

Тэма памяці і подзвігу абаронцаў Айчыны праходзіць праз усю творчасць Мікалая Апіёк. Гэта дзясяткі тэматычных карцін, дзе прысутнічае трагізм, мужнасць і вера ў перамогу. Дадзенай тэме прысвечаны цыкл “Вялікая Айчынная”: “Успаміны. 9 мая”, “Маё хрышчэнне”, “Сустрэча пераможцаў”, “Госпадзі, змілуйся”, “Музы ў строі” (трыпціх).

Мікалай Апіёк – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, мае званне Ганаровага члена Расійскай акадэміі мастацтваў. Нарадзіўся ў 1935 годзе ў в. Макараўка Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1957 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1964 годзе – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Член Беларускага саюза мастакоў з 1966 года. У 2003 годзе Мікалай Апіёк узначаліў студыю ваенных мастакоў. Працуе ў станковым жывапісе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа і нацюрморта.

Выстава працуе з 10 лютага па 8 сакавіка 2021 г.

па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Штодня з 11.00 да 19.00.

Тэл. (017) 374-83-22