Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Праект «АРХЕАЛОГІЯ СМЕРЦІ: ПАМЯЦЬ. ВЕЧНАСЦЬ. ПРОДКІ»

  • 30.12.2020

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу праект «АРХЕАЛОГІЯ СМЕРЦІ: ПАМЯЦЬ. ВЕЧНАСЦЬ. ПРОДКІ», прысвечаны пахавальнай абраднасці на беларускай зямлі ад позняга неаліту да ХІІ ст. Праз паслядоўную дэманстрацыю пахавальных комплексаў розных эпох праект раскажа наведвальнікам аб тым, як змяняліся ўяўленні аб замагільным свеце, рытуалы шанавання нябожчыка і само абыходжанне з яго целам. Музейны праект базіруецца на матэрыялах даследаванняў пахавальных старажытнасцей, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама на матэрыялах, якія маюцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вучэбнай лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ.

Стаўленне чалавека да смерці развівалася з развіццём гісторыі чалавецтва. Усякая асоба, незалежна ад рэлігійных і іншых поглядаў на свет, задаецца пытаннямі канчатковасці зямнога жыцця. Таму разважанні аб смерці ў некаторых сучасных грамадствах займаюць важнае месца ва ўспрыняцці чалавекам свайго месца ў свеце і, адпаведна, фарміруюць пэўныя сэнсы чалавечага існавання.

Аналіз пахавальнай абраднасці адыгрывае выключна важную ролю ў даследаванні кола навуковых праблем, звязаных з мінулым чалавека, асабліва ў дапісьмовы час. Пахаванне і пахавальны інвентар як адлюстраванне «культуры мёртвай» у некаторых выпадках з’яўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі пра тую ці іншую археалагічную культуру. На падставе пахавальнага інвентару можна рэкаснтруяваць строй пахаванага насельніцтва і ў цэлым уяўленні яго аб замагільным свеце. Веданне пахавальных традыцый дазваляе найбольш эфектыўна вывучаць пытанні генезісу і гісторыка-культурнага лёсу носьбітаў археалагічных культур. Праз даследаванне пахавальнай абраднасці можна не толькі даведацца пра духоўнае жыццё старажытных грамадстваў, але і ў пэўнай ступені зразумець асаблівасці іх сацыяльна-палітычнай арганізацыі, прасачыць міжкультурныя сувязі і акалічнасці эканамічнага развіцця.

Музейны праект «АРХЕАЛОГІЯ СМЕРЦІ: ПАМЯЦЬ. ВЕЧНАСЦЬ. ПРОДКІ» – гэта цыкл зменных экспазіцый на працягу года, рэалізаваны ў межах вялікага музейнага праекта: «Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі», накіраванага на папулярызацыю археалогіі сярод шырокіх колаў насельніцтва і на знаёмства наведвальнікаў з працай вучонага-археолага.