Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фотавыстава «Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым»

  • 18.12.2020

18 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу фотавыстава, прысвечаная археалагічным тэкстурам і артэфактам.

Фотавыстава «Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым» створана з мэтай паказу прыгажосці артэфактаў, здабытых падчас раскопак. Будзе прадстаўлена больш за 20 дэталёвых фотаздымкаў асобных частак археалагічных знаходак: шматлікія арнаменты на кераміцы, рэтушаваныя краі крамянёвых сякер і наканечнікаў, надрэзы на розе, гравіроўка на нажы з ікла. Час ад часу гэтыя элементы губляюцца пры ўспрыманні музейных прадметаў як цэлай формы. Фатограф-аматар Варвара Высоцкая паспрабавала праз фотаздымкі паказаць усе «дробязі» старажытнасцей.

Амаль усе артэфакты, зафіксаваныя на фотаздымках – старэйш за 4 тысячы год і належаць да неалітычнага перыяду і бронзавага веку. Прадметы, якія ў большасці сваёй ствараліся ў чыста практычных мэтах, цяпер уяўляюць каштоўную крыніцу інфармацыі не толькі для археолага. Прыгожыя формы, акуратна вылепленыя рукамі чалавека, кампазіцыі арнаментальнага дэкору глінянага посуду, сколы ад наўмыснай апрацоўкі крэменю для атрымання наканечніка… Кожны такі прадмет унікальны, і кожны мае сваю непаўторную тэкстуру, пабачыўшы якую можна натхніцца на стварэнне шэдэўраў.

Цэнтральнае месца ў праекце займае археалагічныая калекцыя, атрыманая падчас раскопак пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча Крывальцэвіча, старшага навуковага супрацоўніка сектара неаліту і бронзавага веку аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук. Асноўная сфера цікавасцяў даследчыка – археалогія позняга неаліту і бронзавага веку на тэрыторыі Беларускага Палесся.

Фотавыстава з’яўляецца часткай вялікага музейнага праекта «Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі», накіраванага на папулярызацыю археалогіі сярод шырокіх колаў насельніцтва і на знаёмства наведвальнікаў з працай вучонага-археолага.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Штодзённа з 11.00 да 19.00

Тэл. (017) 374 83 22, 365 48 27

Галерэя музея