Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя кнігі-альбома "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь"

  • 23.11.2015

26 лістапада 2015 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя кнігі-альбома "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь" – сумеснага выдавецкага праекта музея, адкрытага акцыянернага таварыства "Пріорбанк" і ганаровага консульства Аўстрыйскай Рэспублікі ў Мінску. Аўтары фотаздымкаў і мастацкае афармленне - Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч.

Кніга-альбом падрыхтаваны аўтарскім калектывам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Яго выхаду ў свет папярэднічала вялікая навуковая праца па атрыбуцыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, даследаванню гісторыі фарміравання ўнікальнага збору вядучага гістарычнага музея краіны, шматгадовай дзейнасці некалькіх пакаленняў музейных работнікаў. У выданне ўключаны новыя факты з гісторыі стварэння музея. Праведзены карпатлівы адбор фондавых матэрыялаў, што дало магчымасць стварыць структуру альбома, якая ясна чытаецца, дзе ў патрэбных для выдання падобнага характару суадносінах прадстаўлены як шырокі ілюстрацыйны матэрыял, так і тэкставы блок на трох мовах – беларускай, рускай, англійскай. У сувязі з гэтым альбом адрасаваны самай шырокай аўдыторыі. Папярэдні альбом, прысвечаны гісторыі і калекцыям музея, пабачыў свет амаль 30 гадоў таму, калі ўстанова насіла назву "Дзяржаўны музей БССР".

Дадзены выдавецкі праект рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы адкрытага акцыянернага таварыства "Пріорбанк", што сведчыць пра адраджэнне традыцый мецэнацтва ў Беларусі.

Ва ўмовах адстунасці паўнавартаснай стацыянарнай экспазіцыі альбом закліканы пераканаўча праілюстраваць патэнцыял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. За тры месяцы, што прайшлі з дня яго выхаду ў свет, з ім пазнаёміліся паслы шэрага замежных краін, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, шырокая аўдыторыя музейных спецыялістаў, і, як вынік, музей атрымаў прапановы па арганізацыі выставка па-за межамі краіны да 2017 года.

Без перабольшання, кніга-альбом уяўляе сабой новы крок у айчынным выдавецкім дызайне, складаючымі якога з'яўляюцца лаканізм, выразнасць, дакладная перадача колеру, фактуры музейных прадметаў. Усё гэта дазваляе разглядаць альбом "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь" як найбольш паспяховае выданне ў сферы культуры.

Кніга-альбом намінаваны на спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў галіне музейнай справы за 2015 год.