Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Міжнародная навуковая канферэнцыя «Лёс фамільных збораў магнацкіх родаў Беларусі»

  • 10.11.2020

У шматвяковай гісторыі Беларусі свой след пакінулі прадстаўнікі многіх дваранскіх фамілій – Радзівілы, Сапегі, Агінскія і іншыя. Яны вядомы не толькі як палітыкі, палкаводцы і мецэнаты, але і як збіральнікі культурных каштоўнасцей. У дваранскіх рэзідэнцыях стагоддзямі захоўваліся прадметы мастацтва, манеты, медалі, зброя, кнігі. На жаль, бурныя падзеі першай паловы ХХ стагоддзя прывялі да частковай або поўнай страты большасці гэтых збораў. Некалі адзіныя калекцыі аказаліся раскіданымі па розных музеях, бібліятэках, прыватных зборах. А нешта аказалася незваротна згубленым.

Лёсам фамільных калекцый прысвечана міжнародная навуковая канферэнцыя, якая адбудзецца ў Нясвіжы 10 лістапада 2020 года. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Канферэнцыя праводзіцца ў рамках трансгранічнага праекта «Захаванне спадчыны князёў Радзівілаў і яго адаптацыя для турызму ў гарадах Кедайняй і Нясвіж». У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй мерапрыемства будзе праходзіць у вочна-завочнай форме: частка дакладаў будзе прадстаўлена па відэасувязі.

У рабоце канферэнцыі прымуць удзел прыкладна 30 даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Літвы, Бельгіі. Сярод іх – супрацоўнікі музеяў, бібліятэк, выкладчыкі ўніверсітэтаў, калекцыянеры, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, юрысты. У прыватнасці, з дакладамі выступяць: Вольга Бажэнава, доктар мастацтвазнаўства (Мінск, Беларусь), Ганна-Сафі Ларуэль, прафесар універсітэта Льежа (Бельгія), Віктар Сакалоў, кандыдат гістарычных навук (Кіеў, Украіна), Айвас Рагаускас, прафесар Віленскага ўніверсітэта (Літва), Юлія Шустава, кандыдат гістарычных навук (Масква, Расія), Жанна Іванова, кандыдат юрыдычных навук (Сыктыўкар, Расія).

Большасць дакладаў прысвечана лёсу прыватных збораў: маёмасці Нясвіжскага замка ў сярэдзіне XVIII – пачатку ХХ стагоддзяў; эпісталярнай спадчыне роду Святаполк-Мірскіх; кнігам з бібліятэкі Храптовічаў. Таксама будуць разгледжаны пытанні, якія тычацца радзівілаўскага кнігадрукавання; гісторыі касцёльных ахвяраванняў; юрыдычных аспектаў калекцыяніравання і г. д.

Матэрыялы канферэнцыі будуць выдадзены асобным зборнікам.