Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Свет, удзячны Сталінграду»

  • 13.11.2020

13 лістапада а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава «Свет, удзячны Сталінграду», арганізаваная сумесна з Дзяржаўным гісторыка-мемарыяльным музеем-запаведнікам «Сталінградская бітва» ў рамках святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Музей-запаведнік «Сталінградская бітва» – унікальны комплекс помнікаў, прысвечаных ваеннай гісторыі Расііі, у прыватнасці, Сталінградскай бітве. У музейны комплекс уваходзяць сем аб’ектаў культурнай спадчыны, сярод якіх –музей-панарама, пабудаваны на месцы высадкі ў 1942 годзе 13-й гвардзейскай стралковай дывізіі генерал-палкоўніка Аляксандра Радзімцава, Мамаеў курган –ключавая пазіцыя ў абароне Сталінграда і 85-метровая скульптура «Радзіма-маці кліча!», што стала сімвалам Вялікай Перамогі.

З часу заканчэння Сталінградскай бітвы і да нашых дзён не змяншаецца паток людзей, якія з розных кантынентаў адпраўляюцца аддаць даніну памяці абаронцам горада на Волзе. Сімвалам прызнання сусветнай грамадскасцю гераічнага подзвігу абаронцаў і жыхароў горада Сталінграда з’яўляюцца падарункі ад грамадзян і дзяржаўных дзеячаў розных краін, што захоўваюцца ў фондах музея-запаведніка «Сталінградская бітва». Падарункавы фонд налічвае каля сямі тысяч прадметаў з 65 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Гэта творы мастацтва, граматы і пасланні дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, кнігі і альбомы, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, узоры нацыянальнага адзення, абрусы і сурвэткі, аздобленыя вышыўкай, прадметы з фарфору, фаянсу і керамікі.

Нароўні з вырабамі прафесійных майстроў у калекцыі прадстаўлены рэчы, з любоўю выкананыя простымі людзьмі. Усе яны – ад высокамастацкіх твораў да самых простых і сціплых вырабаў невядомых людзей з далёкіх краін – валодаюць гістарычнай і грамадскай каштоўнасцю. Прадметы сталі сімваламі прызнання гераічнага подзвігу Сталінграда і павагі да яго.

На выставе будуць экспанавацца падарункі ад Аб’яднанай Арабскай Рэспублікі, народаў Францыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Польскай Народнай Рэспублікі, а таксама падарункі Сталінграду ад БССР і Рэспублікі Беларусь. Яркія экспанаты раскажуць наведвальнікам аб тым, што падзеі Сталінградскай бітвы застаюцца ў сэрцах многіх народаў, якія прымалі ў ёй удзел, і памяць пра гэта аб’яднала свет.

Выстава працуе з 13 лістапада па 18 снежня 2020 г.

па адрасе: г.Мінск, вул.Карла Маркса, 12

Штодня з 11.00 да 19.00

Тэл.(017)374-83-22