Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Маладосць»

  • 16.09.2020

16 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выстава «Маладосць», прымеркаваная да 100–годдзя Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі (ЛКСМБ).

24 верасня 1920 года I Усебеларускім з’ездам камсамола быў створаны Камуністычны саюз моладзі Беларусі (КСМБ). Менавіта з гэтай даты пачынаецца дзейнасць моладзевай арганізацыі і гэты дзень адзначаецца ў якасці дня яе заснавання.

Дадзены праект – гэта не проста храналогія і сухі пералік фактаў. Каштоўнасць яго ў тым, што ў год стагоддзя арганізацыі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь абуджае настальгічныя ўспаміны аб камсамольскіх гадах у тых наведвальнікаў, каму давялося быць членамі камуністычнага саюза моладзі, а таксама агортвае яго атмасферай больш маладых гасцей.

Прадстаўленая выстава раскрывае асноўныя этапы станаўлення і развіцця дзейнасці беларускай камсамольскай арганізацыі. У ёй адлюстраваны перыяды зараджэння і першыя дзесяцігоддзі яе існавання, адлюстраваны ўклад камсамола ў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, асветлены тэмы пасляваеннага будаўніцтва, фестывальнага і будатрадаўскага руху.

На выставе прадстаўлены прадметы з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: дакументы, фотаздымкі і плакаты, а таксама прадметы быту, працы і вольнага часу, адзенне і асабістыя рэчы савецкіх людзей.

Выстава «Маладосць» працуе да 29 верасня. У яе рамках плануецца гашэнне паштовага блока да 100–годдзя ЛКСМБ штэмпелем першага дня.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

вул. Карла Маркса, 12

11.00 – 19.00