Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Ігар Луцкі: Не павінна існаваць ніякага разбуральнага слова

  • 07.09.2020

Карэспандэнт «Звязды» у пярэдадзень ХХVІІ Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах задаў некалькі пытанняў міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігару Уладзіміравічу ЛУЦКАМУ.

— Паважаны Ігар Уладзіміравіч, свята прыгожага пісьменства адлічвае ўжо другую чвэрць стагоддзя. Вы ўдзельнік і арганізатар не аднаго такога Дня пісьменства. Якімі адрозненнямі характарызуецца сёлетняе свята ў Бялынічах?

— Найлепшая характарыстыка любой традыцыі, якая мае паважаны ўзрост, — стабільнасць, трываласць. Без гэтага нельга ісці наперад, развівацца. Вось і гаворачы пра чарговую сустрэчу медыйшчыкаў, кніжнікаў, усіх, каго хвалюе лёс асветніцтва, трэба падкрэсліць гэта. Суадносіны друкаваных выданняў, кнігі, мастацкага і публіцыстычнага слова, выкладзенага ў электронных СМІ, сацыяльных сетках, з грамадствам, яго сацыяльнымі і іншымі памкненнямі, — вось галоўны клопат, галоўная тэма разваг і дзеяў. Канешне ж, штогод патрэбны навацыі. Іх наша галіновае міністэрства, якое так ці іначай судакранаецца з усёй краінай, разам з іншымі арганізатарамі свята, найперш — Магілёўскім аблвыканкамам, Бялыніцкім райвыканкамам вызначыла і выпрацавала досыць шмат. Не буду каментаваць усю праграму свята, а звярну ўвагу толькі на некаторыя «пункты». Усё ж залежыць ад сутнаснага насычэння. І спадзяюся, што літаральна ўсім гасцям свята, усім яго ўдзельнікам цікава будзе пазнаёміцца з праграмай, якую арганізатары прадставяць на пляцоўках «Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь», «Друкарскі двор», «Слова пісьменніка». Калі мы складалі іх праграму, то ўлічвалі розныя акалічнасці. Па-першае, усе мерапрыемствы, усе дзействы на гэтых пляцоўках ладзяць людзі, нераўнадушныя да друкаванага слова, да мастацкай, публіцыстычнай, асветніцкай кнігі. А гэта выдаўцы, журналісты, пісьменнікі, краязнаўцы, бібліятэчныя работнікі. Вось як быццам някідкі адрас свята — у межах духоўна-асветніцкага праекта «Дакрануцца да духоўнасці» будзе цэлы дзень 6 верасня працаваць літаратурна-тэатралізаваная інтэрактыўная пляцоўка тэматычных экспазіцый бібліятэк Магілёўскай вобласці. Зразумела ж, кожная з раённых цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм, бібліятэкары Магілёва, вобласці прадэманструюць далучанасць да агульнабеларускіх здабыткаў у галіне прыгожага пісьменства ўраджэнцаў Магілёўшчыны.

— І магіляўчанам ёсць чым ганарыцца...

— Сапраўды. Прыгадаем паэтаў, празаікаў, якія дзесяцігоддзямі фарміравалі творчае аблічча гэтай унікальнай старонкі. Мяркуйце самі. Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў, чые радкі пра лёс бацькі Міная, чыю баладу «Камсамольскі білет» чытаюць пакаленні беларусаў. Працуючы на тэлебачанні, я не раз слухаў удзельнікаў конкурсу «Жывая класіка». Дык калі дзеткі чыталі нешта з Куляшова — было вельмі шчымліва. Народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў. У яго раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», а шмат хто, відаць, і фільмы, знятыя па гэтых кнігах, глядзеў, столькі болю і народнага плачу, што іх не лішнім было б прачытаць сёлетнім мітынгоўшчыкам і разбуральнікам Беларусі. Любаванне хараством роднага слова вылучае яшчэ адну акалічнасць, а можа, і выключна сёлетнюю адметнасць Свята пісьменства. І мясцовыя арганізатары Дня беларускага пісьменства, і ўсе мы, хто далучаны да яго праграмы, думалі пра сацыялізацыю свята, пра тое, каб спалучыць высокае і зямное. Таму ж і многіх мясцовых пісьменнікаў згадваем, таму і моладзь пастараліся ўключыць у квэст-гульню «Скарбы князя Гальшанскага», прысвечаную жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча. Мы стараліся так сфарміраваць праграму, так тэматычна вылучыць многія абсягі, каб усім было цікава. І самім пісьменнікам, і простаму чалавеку, які адарваўся ад важкіх восеньскіх клопатаў і ў выніку зразумеў бы, што не дарэмна патраціў час. І сваімі роднымі Бялынічамі ў новых, скажам так, строях палюбаваўся, і насыціўся добрымі, светлымі ўражаннямі.

— Ігар Уладзіміравіч, паколькі вы згадалі аўтара рамана «Каласы пад сярпом тваім», то хацеў бы запытацца, як у юбілейны год, у 90-годдзе з дня нараджэння, будзе заўважаны ў Бялынічах класік беларускай нацыянальнай літаратуры?

— Я назваў бы Караткевіча не проста нацыянальным класікам, а пісьменнікам сусветнага маштабу, сусветнага гучання, літаратарам, чые творы асабліва дарагія славянскім прасторам, добра знаёмыя чытачам і Беларусі, і Расіі, і ўсіх краін-суседзяў, ды і многіх іншых далёкіх і не такіх далёкіх ад нас краін. Працуючы зусім нядаўна на тэлебачанні, я з калегамі выпусціў шэраг дакументальных, мастацка-публіцыстычных фільмаў, у якіх мы пастараліся расказаць пра многіх пісьменнікаў, імёны якіх на слыху ў многіх і многіх людзей. Зрабілі фільмы пра ластаўку з майго роднага Палесся Яўгенію Янішчыц. Зрабілі і фільм пра Караткевіча. Столькі чуў хвалюючых слоў ад людзей, якія следам за тэлевізійным знаёмствам з выкладаннем лёсу аўтара «Каласоў...», «Дзікага палявання караля Стаха» пабеглі ў кнігарні і бібліятэкі, каб хутчэй адкрыць кнігі пісьменніка.

— І, несумненна, кнігі Уладзіміра Сямёнавіча з году ў год перавыдаюцца?

— Прывяду вам і чытачам «Звязды» амаль статыстыку. Толькі за мінулае дзесяцігоддзе ў краіне на беларускай і рускай мовах выйшла амаль 50 (уявіце сабе: 50!) кніг класіка. Агульны тыраж склаў ці не 100 тысяч экзэмпляраў. Падкрэслю: толькі за адно дзесяцігоддзе. Дарэчы, выдавецтва «Мастацкая літаратура» завяршае выданне 25-томнага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча.

— Так што, да 90-годдзя Караткевіча рыхтаваліся...

— І да 90-годдзя, і да свята ў Бялынічах — таксама. Рыхтаваліся ўсе кніжныя выдавецтвы краіны — і дзяржаўныя, і прыватныя. У нас, дарэчы, зарэгістравана каля 400 суб'ектаў гаспадарання, якія займаюцца выдавецкай дзейнасцю. І штогод у Беларусі выпускаюць каля 10 тысяч назваў кніг.

— Лічбы ўражваюць.

— Тут справа не ў лічбах. Хацелася б падкрэсліць, што да Дня беларускага пісьменства мы рыхтуемся загадзя, рыхтуемся цэлы год. Мяркуем, як будзем прэзентаваць, ушаноўваць Яе Вялікасць Кнігу, беларускае мастацкае слова менавіта ў першую нядзелю верасня кожны год. Часам прыходзяць думкі, што мо і не да свята ў такі напружаны час. Але ж свята — гэта люстэрка і сацыяльных памкненняў грамадства, люстэрка дзяржаўнай увагі да беларускага пісьменства, да мовы, культуры, нацыянальнай літаратуры. Таму і ў Бялынічах мы шмат увагі аддаём традыцыям... Вось у гэтым кірунку нам і візуальнае мастацтва паспрыяе. Беларускае тэлеграфнае агенцтва арганізавала фотавыстаўку «Традыцыі суверэннай Беларусі». А летась, дарэчы, пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі БелТА і кнігу з такой назвай выпусціла. Пагартайце яе старонкі — і адкрыеце гэтулькі прыгожых здзяйсненняў, што характарызуюць развіццё нашай краіны! А канцэрт закрыцця свята якраз прысвечаны традыцыям.

— Словам, сыходзяцца на свяце пісьменства розныя мастацтвы, розныя кірункі дзейнасці?..

— Так. Невыпадкова поруч з Міністэрствам інфармацыі арганізатарамі свята выступаюць не толькі мясцовыя ўлады, а яшчэ міністэрствы культуры, адукацыі, спорту і турызму. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў... Усім знаходзіцца клопат, усе гатовы праявіць суладнасць і з кнігай, і з прыгожым пісьменствам увогуле, а галоўнае — паспрыяць таму, каб было цікава магіляўчанам, жыхарам Бялыніч і ваколіц.

— Ці будуць на свяце замежныя госці, улічваючы няпростую эпідэміялагічную сітуацыю?

— Па традыцыі, пачынаючы з 2007 года, мы ладзім на Дні беларускага пісьменства міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». За ўсю гісторыю гэтага творчага праекта са святам і з нашай краінай пазнаёміліся многія і многія пісьменнікі літаральна з дзясяткаў краін: з Вялікабрытаніі, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана, Сербіі, Чарнагорыі, Манголіі, Кітая, Польшчы, Індыі, Малдовы, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі... Асаблівае сяброўства склалася з Расіяй. Да нас прыязджалі паэты, празаікі, публіцысты, перакладчыкі, літаратуразнаўцы не толькі з Санкт-Пецярбурга і Масквы, але з Екацярынбурга, Астрахані, Томска, Новасібірска, з Чувашыі, Удмурціі, Татарстана, Башкартастана, Чачэнскай Рэспублікі, Кабардзіна-Балкарыі, Калмыкіі, Марый Эл... Сёлета шмат хто пацвердзіў свой удзел у «бялыніцкім» круглым стале «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго. Слова стваральнае і слова разбуральнае» віртуальна, з дапамогай сучасных электронных тэхналогій. Відавочная цікаўнасць да Беларусі, да спасціжэння беларускага характару мастакамі слова.

— У назве круглага стала — пра разбуральнасць...

— Але ж і пра стваральную, пазітыўную ролю мастацкага, публіцыстычнага слова. Насамрэч, не павінна існаваць ніякага разбуральнага слова. Мы завастрылі публіцыстычны характар мяркуемай гаворкі. Слова павінна насіць толькі стваральны характар!.. Пра гэта гаварылася, і калі мы праводзілі з уладыкам Веніямінам у шлях па адрасах праваслаўных святыняў традыцыйную экспедыцыю «Дарога да святыняў», якая, дарэчы, фінішуе ў Бялынічах у час урачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства.

— Ігар Уладзіміравіч, разумею, што шмат пра што проста яшчэ не расказалі, прэзентуючы бялыніцкі Дзень беларускага пісьменства...

— Самы лепшы расповед — жывыя ўражанні. Запрашаю ўсіх чытачоў «Звязды» ў Бялынічы! Усё ўбачыце на свае вочы. Дарэчы, нагадаю, калі хто яшчэ не ведае, што ўрад прыняў рашэнне правесці наступны Дзень беларускага пісьменства ў Капылі, на Міншчыне. Выбар зусім не выпадковы. З Капыльшчынай звязаны імёны такіх легендаў пісьменства, як Кузьма Чорны, чыё 120-годдзе з дня нараджэння мы, між іншым, згадаем і ў Бялынічах, Алесь Адамовіч, аўтар вядомых свету кніг «Хатынская аповесць», «Карнікі», суаўтар надзвычай эмацыянальнай «Блакаднай кнігі», збору аповедаў, пякельных аповедаў сведак драматычных падзей Вялікай Айчыннай вайны «Я з вогненнай вёскі». Наўмысна падкрэсліваю гэта, бо глыбока перакананы, што стваральнае слова павінна весці ўсё наша грамадства да высокіх гуманістычных ідэалаў дабрыні, справядлівасці, мірнага суіснавання. І Дзень беларускага пісьменства як даўняя дзяржаўная традыцыя гэтага руху — добрая пляцоўка для добрых спраў.

Гутарыў Кастусь Ладуцька

Фота БелТА