Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Беларуская Парыжская школа"

  • 30.04.2020

З 30 красавіка па 18 траўня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) адкрыта выстава Аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі «Брама», створаная па выніках II “пленэра на колах” – "Беларуская Парыжская школа".

Парыжская школа – унікальнае сузор'е вялікіх мастакоў, якое ўзнікла ў самым пачатку шляху кожнага з іх. Бясспрэчна агульным было іх не мясцовае паходжанне. Усе яны былі эмігрантамі з розных краін, якія апынуліся ў Парыжы па розных прычынах. Паняцце "школа" ўключае ў сябе, часцей за ўсё, стылістычную супольнасць. Тут жа яно носіць умоўны, пераносны характар. Мастакі, якія ўваходзілі ў яе, былі рознымі: па паходжанні, саслоўi, узросце, агульнай адукаванасці, прафесійнай падрыхтоўцы, творчых манерах, нацыянальных асаблівасцях.

Менавіта для іх – наватараў і авангардыстаў – скульптар-рэаліст Альфрэд Бушэ пабудаваў своеасаблівы інтэрнат, з майстэрнямі на першым паверсе і маленькімі жылымі пакоямі на другім. Адкрыўся ён у 1902 годзе пад назвай «Віла Медычы», а ўжо самі пастаяльцы-мастакі ахрысцілі яго «Вуллем», што адпавядала яго выгляду, вобразу і функцыі. Толькі ў 1925 годзе гэтая супольнасць мастакоў атрымала назву "Парыжская школа". Увёў яго ў мастацкі ўжытак крытык А. Варно. Тут у розныя гады жылі і гасцявалі будучыя вялікія майстры: П. Пікаса (Іспанія) А. Мадыльяні і Д. Кірыко (Італія), Ц. Фудзiта (Японія), Д. Рывэра (Мексіка), П. Мандрыян (Галандыя), У. Кандзінскі, Н. Ганчарова і Ф. Ларыёнаў (Расія), Ф. Лежэ (Францыя), М. Шагал, В. Цадкін, Х. Суцін і інш. (Беларусь). Усяго каля 300 чалавек, а ў тэксце мемарыяльнай дошкі на фасадзе «Вулля» пазначаныя толькі 4 імя: М. Шагал, Х. Суцін, В. Цадкін і Ф. Лежэ.

Да гэтага часу, больш за стагоддзе, тысячы мастакоў і мастацтвазнаўцаў мараць пабываць у знакамітым «Вуллі», каб дакрануцца да прыстанку, дзе жылі і тварылі вялікія майстры.

У 2017 годзе галерэя «Брама» з першым «пленэрам на колах», «Наперадзе Парыж, за акном – Еўропа», ужо рабіла спробу патрапіць у «Вулей». Яна не мела поспеху. У 2019 годзе з другім «пленэрам на колах» "Беларускай Парыжскай школе" давялося ўсё ж такі выканаць вялікую праграму апускання ў гісторыю Парыжскай школы, а таксама апынуцца на найцікавай экскурсіі Віталя Корнева, саветнiка па культуры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, пазнаёміцца з іншымі славутасцямі «беларускага» Парыжа.

Сучасныя фатографы і мастакі наведалі месцы, звязаныя з нашымі вялікімі землякамі. І па сваіх яркіх уражаннях яны стварылі не менш яскравыя творы ў фатаграфіі, жывапісу, скульптуры і графіцы.

Выстава па выніках пленэра "Беларуская Парыжская школа" з аднайменнай назвай адкрыта ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі – творы вядомых і маладых сучасных беларускіх аўтараў: дакладныя і пранізлівыя фатаграфіі Альфрэда Мікуса, мастацкія і лірычныя працы Юрыя Элiзаровiча, канцэптуальныя творы Аляксандра Ліціна, захопленая хроніка Ірыны Бялы, мігатлівы пачуццямі манахромны жывапіс Уладзіміра Шчалкуна, свежая і сонечная акварэль Ганны Вірт, раскаваны па пластычным матыве і глыбокі па змястоўным – жывапіс Вікторыі Салодкай, экспрэсіўны жэст Таццяны Наздрачовай, вытанчаныя інтэрпрэтацыі ўласных адчуванняў і ўражанняў, поўныя гумару афорты-міксы Сяргея Балянка, магутныя па думцы, вострыя па форме, тонкія па адчуваннях кампазіцыі ў метале Марыі Тарлецкай і Вадзіма Ерахаўца, а таксама амбіцыйная манументальная скульптура Андрэя Вараб'ёва (рабочая мадэль помніка Марку Шагалу для Парыжа, Нью- Ёрка і Віцебска).

Аўтар ідэі, куратар пленэра і выставы – Ларыса Фінкельштэйн, заснавальнік першай беларускай галерэі – Аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі «Брама», член Беларускага саюза дызайнераў, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўцаў «АиС» (Масква).