Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Приветъ изъ Минска”

  • 11.04.2020

З 11 красавіка па 30 жніўня 2020 г. у філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом-музей I з'езда РСДРП" будзе праходзіць выстава “Приветъ изъ Минска”.

Канец ХІХ – пачатак ХХ ст. – перыяд, калі губернскі горад Мінск імкліва расце колькасна, развіваецца, павялічваецца ў памерах. Калі па дадзеных першага Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 года у Мінску пражывала каля 90,9 тыс. жыхароў, то напярэдадні Першай сусветнай вайны, у 1913 годзе, насельніцтва павялічылася амаль што да 134,5 тыс. чалавек. За гэты ж перыяд (15-16 год) горад павялічыўся па плошчы ў тры разы.

Імклівы рост гарадскога насельніцтва абумоўліваўся развіццём гарадской інфраструктуры, прытокам сельскага насельніцтва ў гарады ў якасці працоўнай сілы. У гэты час развівалася прамысловасць, культура, адукацыя, змешваліся народныя і свецкія традыцыі. Простае і складанае суіснавала разам на адной тэрыторыі вялікага горада.

На нашай выставе мы пазнаёмім Вас з рознымі пластамі гарадскога жыцця Мінска на мяжы стагоддзяў і эпох. Вы пабачыце прадметы побыту і прылады працы, прыклады адзення гараджан, фотаздымкі, хронікі гарадскога жыцця, складзеце ўражанне аб тым, што адчувалі людзі на скрыжаванні эпох і культур больш чым сто год таму.

Таксама наведаўшы нашу экспазіцыю вы зможаце даведацца якімі лекавымі раслінамі і зёлкамі ўзмацнялі свой імунітэт нашыя продкі, як гэтыя рэчывы назапашвалі і гатавалі, ад якіх хвароб баранілі гэтыя зёлкі.

У комплексе з асноўнай экспазіцыяй, выстава дае магчымасць зазірнуць ў мінулае губернскай сталіцы, а таксама даведацца шмат цікавага аб гарадскіх актыўнасцях і асаблівасцях жыцця канца ХІХ – пачатку ХХ стст.

Дом-музей I з’езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п-т Незалежнасці, 31А

Штодня з 11.00 да 19.00, без выходных

Тэл. для даведак: 290-68-47

www.domusmuseum.histmuseum.by

www.facebook.com/domusmuseum

www.vk.com/domusmuseum