Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



На Вялікдзень

  • 19.04.2020

Ад пачатку года ў інтэр’ернай вітрыне партрэтнай залы пачалі з’яўляцца нечаканыя інсталяцыі, якія парушаюць некаторую яе статычнасць і манатоннасць, з’яўляючыся, у пэўнай ступені, правакацыямі.

Новая інсталяцыя,“На Вялікдзень”, у якой прадстаўлены яйкі-пісанкі з музейных і прыватных калекцый, генеруе настрой радасці і ўрачыстасці. У кампазіцыях зведзены разам альтэрнатыўныя па характары прадметы – творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рэчы побыту. Простыя рэчы – сталовае шкло і сурвэткі – мяняюць сваё побытавае прызначэнне і становяцца арт-аб’ектамі, “групай падтрымкі” мастацкіх твораў.

На пярэдняй лініі агляду, на жоўтай і зялёнай папяровых сурвэтках – круглыя кошыкі з драўлянымі яйкамі-пісанкамі. На чырвонай сурвэтцы-дарожцы залацістым бачком адсвечвае яйка металічнае. На сіня-фіялетавым фоне пласкіні падлогі зялёны, жоўты і чырвоны колеры ромбаў і прамавугольніка ствараюць вельмі яскравае відовішча.

На доўгіх ножках перакуленых бакалаў для белага і чырвонага віна, як асобы высокага рангу, узвышаюцца дэкаратыўныя яйкі, аплеценыя шкляным бісерам. Кілішкі для вады і лікёру паспяхова выконваюць функцыі музейнага абсталявання для дэманстрацыі прадметаў. Амаль незаўважные, яны даюць магчымасць убачыць прыгажосць дэкору яек у іх змешчаных. Кампазіцыя гэтага, ніжняга, ўзроўню паволі рухаецца ўглыбіню і ўверх, дзе вытанчаныя карункі атачаюць горку пісанак у ажурным кошыку, пастаўленым на старадаўняе крэселка – цэнтр вітрыны.

На першай лініі агляду злева ад цэнтру, сабраныя трохкутнікам, прадстаўлены яйкі з пейзажнымі матывамі. Тыя, што спераду, пастаўленыя на карункавыя з шэрага льну сурвэткі, ўзмацняюць дэкаратыўны эфект гэтай кампазіцыі. Талент мастака пейзажных роспісаў настолькі высокі, што краявіды, выкананыя на складанай авальнай паверхні яйка, перадаюць настрой прыроды, што не так проста стварыць і на плоскім палатне.

На гэтай жа лініі агляду, справа, асобна дыстанцыравалася яйка, пакладзенае ў марскую ракавіну. Белая кветка на яго чорным лакіраваным баку выступае як жамчужына. Яйкі з вожыкамі і вішанкамі сабраліся мілай сямейкай на круглай з выцісненым узорам сурвэтцы. На пары падставак для лікёрных кілішкаў камфортна ўсталяваліся два яйкі з аднолькавым сюжэтам – “Дама з сабачкам”. Павёрнутыя рознымі бачкамі, яны дазваляюць убачыць і даму ў чырвоным, і яе белага пудзеля. Каля ножак старадаўняй шафы-камоды разгортваецца свой сюжэт: яйка-кавалер з выявай пацука ў футры (2020 – год пацука) стаіць сабе ў чаканні. З-пад шафы адна за адной да яго імкнуцца дзве паненкі-мышкі. Кампазіцыя так і завецца: “Дзяўчыны” спяшаюцца на спатканне”.

На верхнім узроўні камоды – пляцоўка для пасхальных яек з духоўным матывам. На пярэднім плане – яйка з выявай святога старца Дыянісія, полацкага япіскапа. Калі глязіш на яго аблічча, ствараецца ўражанне, што гэта партрэт чалавека, які ўбачыў бездань адчаю і болю і не даў зацягнуць сябе туды моцаю свайго духа. Яйка ўзвышаецца над вянком з пруткоў лазы і лісця. Тры яйкі з тылу з выявамі крыжоў выступаюць як ахоўнікі і ганаровая варта.

На стылізаванай каміннай паліцы змешчаны яйкі з выявамі помнікаў сакральнага дойлідства Беларусі – Спаса-Еўфрасіннеўская царква ў Полацку, царква-крэпасць у Мураванцы, Міхайлаўская царква ў Слуцку, царква ў Сынкавічах. Фон падтрымкі – святочныя паштоўкі. З гэтага шэрагу вылучаецца яйка з партрэтам маладога Адама Міцкевіча; на тыльным баку – выява фарнага касцёла ў Навагрудку, месца хросту паэта.

Вельмі маляўніча, у густах “Срэбранага веку” выглядаюць яйкі з рознакаляровымі стужкамі, пастаўленыя на белую стылізаваную паліцу, што ўглыбіні злева. Іх далікатна суправаджаюць велікодныя паштоўкі.

Зусім асобна, злева ўнізе, каля палічкі з яйкамі са стужкамі, як сціплая прыгажуня, абароненая празрыстым шклом вазы, стаіць вербачка – прадвесніца Пасхі. Вербачка новая, вырабленая ў Лідзе невядомай майстрыхай, зяць якой прывез яе вырабы на кірмаш на плошчы перад Чырвоным касцёлам у Мінску 5 красавіка.

Знешні сегмент інсталяцыі – велікодныя вершы і зычэнні на мовах краінаў-суседзяў Беларусі. Тэксты, выдрукаваныя на рознакаляровых яйках з паперы, змешчаны на знешняй стэле па лініі вітрыны. Латышскія, літоўскія і польскія тэксты маюць падрадковы пераклад. Дзівосна адкрыліся літоўскія вершы, якія кранулі нечаканымі вобразамі, наіўнай шчырасцю і прыўзнятасцю. Калі ласка – адзін з такіх вобразаў: маленькі хлопчык, прачнуўшыся рана, паклаў кветкі на дарожку, па якой Пан Езус праскакаў, весела спяваючы. Мы ўдзячныя літоўскай калезе, былой супрацоўніцы Літоўскага нацыянальнага музея, пані Зое Каштэлянавайтэ, якая адгукнулася на просьбу і даслала традыцыйныя літоўскія пасхальныя вершы.

ІМЁНЫ АЎТАРАЎ РОСПІСУ ДЭКАРАТЫЎНЫХ ЯЕК

Артынская Алена: тры яйкі з бісерам. 1994.

Бембель Таццяна: танец, гронкі арабіны, вожыкі, “Дама з сабачкам”. 1994.

Дзмітрук-Лашук: яйкі з традыцыйным і раслінным арнаментам у кошыках. 1969.

Невядомы майстар: яйка з чорным лакам, белай і ружовай кветкай. 1995.

Пакаліцына К.А.: партрэт Адама Міцкевіча. 1998.

Трацякова Вольга: тры яйкі з бісерам. 1994.

Тунік Сяргей: краявіды, помнікі дойлідства, выявы святых, этнаграфічныя матывы. 1994.

Шымук Ігар: святы Дыянісій, япіскап Полацкі. 1995; яйка з сімвалам года. 1996