Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Вайна і мір. Вяртанне"

  • 26.03.2020

26 сакавіка 2020 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Вайна і мір. Вяртанне” ў рамках маштабнага праекта, прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі, які рэалізуецца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімірам Ліхадзедавым пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Праект заснаваны на серыі кніг Уладзіміра Ліхадзедава, у якіх сабраны ўнікальныя дакументальныя матэрыялы, што адлюстроўваюць гістарычнае мінулае беларускай зямлі ў перыяды вайны і міру з 1812 па 1945 гг., фармаванне “беларускага духу”, які дазволіў паставіць кропку ў войнах і даў падставы святкаваць Вялікую Перамогу.

Выстава “Вайна і мір. Вяртанне” аб'яднае сабраныя ў розныя гады прадметы, вялікая частка з якіх была вывезена з Беларусі і страчана ў часы бязлітасных і разбуральных войнаў і канфліктаў, што праходзілі на беларускіх землях.

Як адзначае Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, “асноўнай ідэяй праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае” з'яўляецца стварэнне экспазіцый, што дэманструюць гістарычны шлях беларускага народа ў жорсткіх войнах з 1812-га па 1945 гг., а таксама мірныя міжваенныя гады і сучаснасць”. Перамога кавалася не толькі з 1941-га па 1945 гады: бацькі і дзяды герояў Вялікай Айчыннай вайны былі героямі Першай сусветнай, а іх дзяды і прадзеды – героямі вайны 1812 года. Вялікая Перамога 1945 года, па задуме, павінна сімвалізаваць кропку ў гісторыі кровапраліцця на беларускай зямлі і прымнажэнне новых мірных перамог. Адпаведна, Мір – час вяртання страчанага!

Частка экспануемых пісьмовых артэфактаў была перададзена Уладзімірам Ліхадзедавым Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Таксама на выставе прадстаўлены прадметы, якія перадаюцца ім у дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь. Каштоўнасці, якія папоўнілі калекцыі гэтых вядучых устаноў культуры, гарантавана вяртаюцца ў культурнае і навуковае асяроддзе, змогуць служыць беларусам і Беларусі.

У экспазіцыі дэманструюцца ўнікальныя рукапісныя дакументы, карты, старадрукі і рэдкія кнігі, перыядычныя выданні. Сярод іх – граматы XVI-XVII стст., у іх ліку прывілей караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы Мінскаму ўніяцкаму кляштару (1617 г.), унікальныя рукапісныя рэгістрацыйныя кнігі культавых устаноў XVIII-ХIХ стст. (метрыкі, кнігі перадшлюбных экзаменаў і інш.), рукапіс беларускіх татар (кітаб), старадрукі XVIII ст. На выставе прадстаўлены асобнікі “Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў” за 1841 г. – адной з першых беларускіх газет ХIХ ст.

Таксама ўвазе гледачоў прадстаўлены прадметы, звязаныя са значнымі падзеямі беларускай гісторыі і яе выбітнымі асобамі: пісьмовы прыбор князёў Радзівілаў, медаль за ўзяцце горада Полацка Стэфанам Баторыем у 1579 г., памятная чугунная пліта да 500-годдзя перамогі ў Грунвальдскай бітве, медаль удзельнікаў перамоў па Брэсцкаму міру 1918 г. i многае іншае.

Выстава “Вайна і мір. Вяртанне” праходзіць з 26 сакавіка па 22 красавіка 2020 г.