Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Жывы гук”

  • 13.03.2020

13 сакавіка 2020 г. у выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у рамках культурнага супрацоўніцтва паміж Літоўскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь пачне працу выстава фатаграфіі вядомага літоўскага фотомастака Рамунаса Данісявічуса “Жывы гук”.

“Я працаваў над гэтай серыяй каля дваццаці гадоў. Асобы герояў маіх фатаграфій спяваюць. Мелодыі застаюцца з імі назаўжды. Роберт Плант, Лені Кравіц, Барыс Грабеншчыкоў, Элтан Джон, Джо Кокер, Андрэй Макарэвіч, Філіп Глас ... Музыка – гэта наша жыццё”, – казаў у адным з інтэрв'ю Рамунас.

Рамунас Данісявічус лічыцца адным з самых актыўных і адданых сваёй справе прэс-фатографаў Літвы. У серыі партрэтаў вядомых музыкаў, зробленых пераважна на канцэртах, мы адчуваем любоў аўтара да фатаграфіі і да музыкі. Гэта перапляценне “вырашальных момантаў” вяртае ўважлівага гледача да вытокаў, калі фатаграфія дакументавала навакольны свет. Распавядала пра падзеі, якія здараюцца тут і цяпер, і пацвярджала наша прысутнасць у дадзеным месцы ў пэўны час. Канцэрт – гэта заўсёды адкрыццё. Жывы гук, жывы выступ – мерка прафесіяналізму і любові выканаўцы да сваёй справы і гледачоў. Час, калі свет напоўнены музыкай, якая гучала з пераносных прылад усе меншага памеру, прымушае нас забыць, што музыка матэрыяльная. Увесь ланцужок, калі жывыя людзі складаюць песні, прыходзяць у студыю або ў філарманічную залу, запісваюцца, выдаюць альбомы на пласцінках, а пасля едуць у турнэ з канцэртамі, часта разбурана даступнасцю прайгравання лічбавага файла. Выстава “Жывы гук” вяртае нас да адчування рэальнасці існавання вялікіх зорак поп і рок музыкі, кампазітараў і выканаўцаў класікі. Вось яны! Глядзіце! Жывыя людзі, якія дораць нам сваю музыку – сваё жыццё!

На выставе прадстаўлена больш за шэсцьдзесят фатаграфій з жывых выступаў: а-ha, Accept, Apocalyptica, Andrea Bocelli, Gogol Bordelo, Барыс Грабеншчыкоў, Eric Clapton, Depeche Mode, Placido Domingo, Joe Cocker, Eddy Sheran, ELO, Elton John, Europe, Fancy, Samantha Fox, Judas Priest, Patricia Kaas, Kiss, Lenny Kravitz, Lordi, Андрэй Макарэвіч, Katie Melua, Marilin Manson, Ennio Marricone, Bobby McFerrin, James Hatfield, Kylie Minogue, Motorhead, Mумий Тролль, Chris Norman, Ozzy Osbourne, Pet Shop Boys, Peter Gabriel, Robert Plant, Keith Flint, Deep Purple, Roger Taylor, Black Label Society, Anathema, Chris Rea, Roxette, Sepultura, Sparks, Status Quo, Rod Stewart, Suzi Quatro, The Tiger Lillies, Toto Cutugno, U.D.O., Steve Vai, W.A.S.P., Frank Zappaproject, Zucchero, Rоbbie Williams, Aerosmith, Iron Maiden, Alice Cooper, Megadeath, Slipknot, Philip Glass.

Выстава будзе цікавая ўсім аматарам сучаснай літоўскай дакументальнай фатаграфіі, а таксама меламанам розных узростаў, знатакоў музыкі і фатаграфіі, якія ведаюць і любяць творчасць Рамунаса Данісявічуса.

Выстава арганізавана пры падтрымцы Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі.

Рамунас Данісявічус нарадзіўся ў 1973 г. у літоўскім горадзе Біржай. Вывучаў фатаграфію ў Віленскім вышэйшым тэхналагічным каледжы. Прэс-фатограф з 1993 г. Сябра Клуба прэс-фатографаў Літвы і Літоўскай асацыяцыі фатографаў. Пачынаючы з 2001 г. рэгулярна ўзнагароджваецца прызамі штогадовага прафесійнага конкурсу “Літоўская прэс-фатаграфія”. У 2007 г. стаў лаўрэатам конкурсу “Прэс фота Расіі”. З 2005 г. яму нададзены статус мастака. Аўтар і ўдзельнік шматлікіх персанальных і калектыўных выстаў, уладальнік узнагарод у розных міжнародных і нацыянальных конкурсах творчай фатаграфіі з 1996 г. Сярод іх выставы мастацкай фатаграфіі ў Францыі ў Канах у рамках XII фестывалю мастацтва і літаратуры Паўночных краін “Les Boreales” у 2004 г. і выстаў “Мастацтва Літвы” 2004 і 2008 гг.; выставы ў сучасным цэнтры мастацтва і ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “У Фокусе” ў Вільні (2008 і 2010 гг.); выстава “Жыць падчас” у Мінску, а таксама адзначаная бронзавай узнагародай на конкурсе “MIFA” ў Маскве ў катэгорыі рэклама / музыка выстава “Музыка – маё жыццё” (2018).

Куратар выставы – Віктар Сянькоў

Партнеры: Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў, фотапартал “ZNYATA”

Выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (Мінск, вул.Свярдлова, 4, 3-ці паверх)

Час працы – штодня з 11.00 да 19.00 (каса да 18.30).

Тэлефоны для даведак: 8 017 327 10 75 (Музей гісторыі беларускага кіно),

8 044 736 31 69 (Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў)

Уваход па квітках: школьнікі і пенсіянеры – 2 руб.; студэнты – 3 руб.; астатнія катэгорыі наведвальнікаў – 5 руб.