Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Песня — душа народа"

  • 18.02.2020

Да 80-годдзя Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы”.

Уплыў на творчасць Рыгора Раманавіча зрабіла сям’я. З вуснаў маці ён слухаў калыханкі, у 15-гадовым узросце ўпершыню пачуў харавое гучанне, менавіта спевы хора пад кіраўніцтвам Аляксандра Архангельскага паўплывалі на яго творчы лёс. У 17 год пачаў збіраць беларускі фальклор, пасля стварыў школу апрацоўкі бел.народ.песні. З 1922 вёў актыўную грамадскую дзейнасць: чытае лекцыі, піша артыкулы, выдае зборнікі твораў беларускіх паэтаў.

У 1939 г. пачынаецца новая старонка яго творчасці. Шырме даручана арганізаваць беларускі ансамбль песні і танца. 15 студзеня 1940 года створаны ансамбль песні і танца пачынае сваю творчую дзейнасць. Пасля шэрагу паспяховых выступленняў у многіх гарадах Беларусі ў маі 1941 года калектыў упершыню выехаў у Маскву, дзе канцэрты прайшлі з вялікім поспехам.

Часы ваеннага ліхалецця змянілі напрамак дзейнасці калектыву. У ліпені 1941 хор накіраваны ў вялікае падарожжа ў Сібір і Сярэднюю Азію. Патрыятычны абавязак падказаў стварыць новую праграму сучасных, актуальных твораў савецкіх кампазітараў.

У ліпені 1944 ансамбль вяртаецца на Радзiму i працуе ў Гродна. Папулярнасць Беларускага ансамбля песні і танца ўсё больш расце. У 1950 годзе ён рэарганізаваны і пераіменаваны ў Дзяжаўны хор Беларускай ССР. У 1952 годзе Дзяржаўны хор пераязджае ў Мінск. У 1957 г. капэле прысвоена званне акадэмiчнай.

Талент, заслугі Рыгора Шырмы атрымалі з часам шырокае прызнанне: народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржпрэміі БССР... Рыгор Раманавіч жыў і працаваў, не шкадуючы сябе, каб зберагчы душу народную — песню. Дзякуючы ягонай працы жывуць, гучаць бясцэнныя скарбы народнай творчасці.

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры” наведвальнікі, прыхільнікі творчасці капэлы імя Р. Шырмы змогуць пазнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй, прысвечанай капэле, і апошнімі паступленнямі ў фонды музея.

г. Мінск, зав. Музычны, 5

Тэл. 220-26-67

theatre.histmuseum.by