Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Успаміны”

  • 24.02.2020

24 лютага 2020 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе цырымонія адкрыцця выставы “Успаміны”. Выстава прысвечана жыццю і творчасці вядомага беларускага мастака Мікалая Селяшчука.

Мікалай Селяшчук – відны жывапісец, майстар кніжнай і станковай графікі. На працягу ўсяго творчага шляху ён заставаўся яркім, самабытным, верным сабе і пры гэтым – разнастайным у праявах творчага таленту. За гады творчай дзейнасці мастак здолеў распрацаваць уласную візуальную мову, стварыць унікальны і непаўторны свет вобразаў. Менавіта за гэта аматары мастацтва і спецыялісты так высока цэняць яго мастацкую спадчыну.

Адным з першых у беларускім мастацтве Мікалай Селяшчук звярнуўся да стылістыкі сюррэалізму з яго фантастычнымі вобразамі і сімволікай. Але, што самае істотнае, пры гэтым мастак спалучыў у сваёй творчасці прыёмы сюррэалізму і беларускую гісторыю, этнаграфію, народны эпас. На палотнах Селяшчука – непаўторныя ў сваім абліччы беларускія храмы, калядныя зоркі і… вясковыя кабеты з птушынымі крыламі, русалкі і вядзьмакі… Матыў палёту, які часта сустракаецца ў працах Селяшчука, надае яго творам загадкавасць і таямнічасць.

Мастаком аформлены шэраг дзіцячых кніг: зборнік казак “Бацькаў дар”, кніга вершаў Рыгора Барадуліна “Індыкала-Кудыкала”. Мікалай Селяшчук стварыў ілюстрацыі да паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, паэтычных зборнікаў Раісы Баравіковай “Такое кароткае лета”, Янкі Сіпакова “Усміхніся мне”, Яўгеніі Янішчыц “Пара кахання і жалю” і інш.

Выстава “Успаміны” ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь арганізавана па ініцыятыве таварышаў Мікалая па армейскай службе, сяброўства з якімі Селяшчук пранёс праз усё жыццё. Яна стала іх данінай памяці таленавітаму сябру і мастаку.

У экспазіцыі прадстаўлены працы розных гадоў са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў і прыватных калекцый. Гэта курсавыя працы, эскізы да графічных і жывапісных твораў, якія толькі пункцірна пазначаюць творчы шлях выбітнага беларускага мастака.

Мікалай Міхайлавіч Селяшчук нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Велікарыта Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.Глебава і службы ў арміі паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне графікі (выкладчыкі Пётр Любамудраў, Васіль Шаранговіч). У 1977 годзе прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. За серыю графічных работ “Святы” атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Трагічна загінуў у 1996 годзе ў Тырэнскім моры падчас падарожжа па Італіі.

Працы мастака знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, калекцыі Беларускага саюза мастакоў, карпаратыўнай калекцыі Пріорбанка, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Галерэі Кастакі ў Афінах, Музеі сучаснага мастацтва ў Нью-Джэрсі (ЗША), а таксама ў прыватных зборах Францыі, Фінляндыі, Канады, Ізраіля, Германіі і іншых краін.

Выстава “Успаміны” адкрыта з 24 лютага па 5 сакавіка.