Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Мерапрыемства да 80-годдзя Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы”

  • 18.02.2020

18 лютага а 17-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі беларускага кіно” адбудзецца прагляд з абмеркаваннем навукова-дакументальнага кінанарыса “З глыбінь жыцця”, 1962 г. (рэжысёр У. Стральцоў, аператар М. Бераў, Мінская студыя навукова-папулярных фільмаў).

Рыгор Раманавіч Шырма нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў вёсцы Шакуны Пружанскага раёна. Атрымаў адукацыю ў вучэльні ў Пружанах, затым на двухгадовых педагагічных курсах у Свенцянах, а пазней і ў настаўніцкім інстытуце. У 1930-я гады арганізоўваў і ўзначальваў розныя харавыя калектывы ў заходніх абласцях Беларусі, у тым ліку ў 1924—1939 гадах кіраваў хорам Віленскага ўніверсітэта.

1 лістапада 1939 года Рыгор Шырма арганізаваў Беларускі ансамбль песні і танца. У студзені 1940 года пачалася канцэртная дзейнасць калектыву. У гады вайны ансамбль удзельнічаў у канцэртных франтавых брыгадах. У пасляваенны перыяд Рыгор Шырма пачаў падрыхтоўчую працу па рэарганізацыі ансамбля ў акадэмічны хор. У 1950 годзе быў сфарміраваны Дзяржаўны хор БССР, у 1955 годзе ён ператвораны ў Дзяржаўную харавую капэлу БССР, з 1957 года – Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР. Рыгор Шырма кіраваў капэлай да 1970 года. З 1978 года калектыў носіць сучасную назву – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Раманавіча Шырмы.

Падчас мерапрыемства ўсе жадаючыя змогуць азнаёміцца з выстаўкай інфармацыйных матэрыялаў, прысвечаных капэле імя Рыгора Шырмы і самому дырыжору (на аснове матэрыялаў нотна-музычнай бібліятэкі г. Мінска). Перад пачаткам паказу фільма наведвальнікаў пазнаёмяць з гісторыяй з’яўлення дадзенага калектыву, а таксама распавядуць пра заснавальніка і кіраўніка Р. Шырму. Пасля прагляду кінанарыса гледачы змогуць абмеркаваць фільм, задаць пытанні і паслухаць цікавыя факты і гісторыі з паўсядзённага жыцця капэлы таго перыяду, калі ёй кіраваў Р. Шырма.

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры” наведвальнікі, прыхільнікі творчасці капэлы імя Р. Шырмы змогуць пазнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй, прысвечанай капэле, і апошнімі паступленнямі ў фонды музея.

Музей гісторыі беларускага кіно

Адрас: г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Без выхадных з 11:00 да 19:00

Тэл. 327-10-75

cinema.histmuseum.by