Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "УНОВІС P.S."

  • 14.02.2020

14 лютага 2020 года ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – пачне працу выстава выкладчыкаў і студэнтаў кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў “УНОВІС P.S.”

2020 год адзначаны важнай падзеяй – 100-годдзем творчага аб'яднання “УНОВІС”, створанага Казімірам Малевічам, педагогамі і навучэнцамі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. З'яўленне творчага аб'яднання “УНОВІС” стала адным з зыходных пунктаў развіцця наватарскіх напрамкаў мастацтва ХХ стагоддзя, а яго заснавальнікі праславілі Беларусь ва ўсім свеце. Авангардныя ідэі УНОВІСа, якія ўжо сталі класікай, праз 100 гадоў выглядаюць навей за новае. У 2019 годзе свет адзначыў 100-годдзе школы Баўхаўс, у 2020 годзе адзначаецца 100-годдзе ВХУТЕМАСа. Паралельна з імі, сто гадоў таму аб'яднанне “УНОВІС” фармуе найноўшыя падыходы і тып мыслення, кардынальна змяняюць філасофію мастацтва свайго часу. У рамках святкавання юбілею кафедра графічнага дызайну Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў прадстаўляе выставу “УНОВІС P.S”. Пасляслоўе да УНОВІСу тут разумеецца як бясконцы працэс яго развіцця, наватарская сіла якога з'яўляецца магутнай адпраўной кропкай для натхнення новых пакаленняў мастакоў і дызайнераў.

Выстава “УНОВІС P.S” разглядае тэндэнцыю ўплыву супрэматызму на візуальную мову і сэнсавыя значэнні ў кантэксце графічнага дызайну. Такія паняцці, як беспрадметнае мастацтва, чыстая форма, абстрактнае мысленне, кампазіцыя і колер, наватарства, тэхналогія – ляжаць у аснове заканамернасцяў графічнага формаўтварэння і сэнсаўтварэння, з'яўляюцца асноватворнымі кампанентамі ў працэсе навучання спецыялістаў на кафедры графічнага дызайну БДАІ.

На выставе дэманструюцца праекты, непасрэдна прысвечаныя юбілейнай даце, а таксама працы, дзе можна прасачыць развіццё традыцый УНОВІСа ў графічным дызайне, іх трансфармацыю ў сувязі з інавацыйнымі тэхналогіямі і ідэямі. У экспазіцыі прадстаўлены плакаты, графіка, фатаграфіка, шрыфтавыя гарнітуры, дызайн кніг і рознай паліграфічнай прадукцыі. Удзельнікі выставы паказваюць свае працы ў кантэксце навучальнага працэсу і дыялогу выкладчыкаў і студэнтаў.

Адкрыццё выставы прымеркавана да даты прыняцця назвы аб'яднання «УНОВІС» ў Віцебску – 14 лютага 1920 года.

У рамках выставы будзе праведзены шэраг тэматычных мерапрыемстваў, а менавіта: лекцыі, круглы стол і паказ новага дакументальнага фільма пра УНОВІС.

Куратары выставы: Ганна Мельнікава, в.а. загадчыка кафедры графічнага дызайну БДАІ,

Юрый Тарэеў, дацэнт кафедры графічнага дызайну БДАІ.

Праект ладзіцца ў партнёрстве з Беларускім саюзам дызайнераў і Беларускім грамадскім аб'яднаннем фатографаў.

Месца экспанавання выставы – выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно

(Мінск, вул. Свярдлва, 4, 3-ці паверх)

Час працы: штодня з 11-00 да 19-00 (каса да 18-30).

Тэлефоны для даведак: 8 017 327 10 75 (Музей гісторыі беларускага кіно)

+375 33 363 88 28 (арганізатар)

Уваход па квітках: школьнікі і пенсіянеры – 2 руб.; студэнты – 3 руб; астатнія катэгорыі наведвальнікаў – 5 руб.