Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выставачны праект "GEAGRAFIJA"

  • 24.01.2020

З 24 студзеня 2020 г. ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выставачны праект "GEAGRAFIJA".

У рамках праекта будуць экспанавацца работы беларускіх мастакоў, створаныя імі падчас падарожжаў і пленэраў у розных краінах: Аўстраліі, Чэхіі, Узбекістане, Кыргызстане, Чарнагорыі, Арменіі, Венгрыі, Танзаніі, Расіі і інш. Усе аўтары – выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, члены беларускага саюза мастакоў: Антон Вырва, Васіль Пяшкун, Віталь Гуназа, Міхаіл Крот, Павел Хадаровіч, Раман Коршунаў, Уладзь Пятручык.

Мэта праекта – пазнаёміць гледача з культурай, традыцыямі, архітэктурай і прыродай розных краін. Мастакі прадставяць на выставе творы, напісаныя непасрэдна з натуры, і працы, выкананыя ў майстэрнях па ўражаннях ад паездак. Яркі і сакавіты каларыт Усходу, cтрыманыя вытанчаныя фарбы Поўначы, звілістыя вулачкі старадаўніх гарадоў, халоднае дымчатае срэбра гор, капрызны і зменлівы настрой мора адлюстравалі мастакі на сваіх палотнах.

Здзейсніць віртуальнае падарожжа па краінах і кантынентах можна будзе з 24 студзеня па 9 лютага. Адправіцца ў займальную экспедыцыю па экспазіцыі запрашае Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Выстава працуе да 9 лютага 2020 г.

Адрас: вул. К. Маркса, 12, г. Мінск

Штодня з 11.00 да 19.00

Тэлефон: 8017 327 43 22, 321 23 71