Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава фатаграфіі «СВЕТ»

  • 09.01.2020

9 студзеня 2020 года ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – пачне працу выстава фатаграфіі вядомага ўкраінскага аўтара Аляксандра Прымака «СВЕТ».

Сучасная “не сучасная” фатаграфія. Так можна апісаць ўражанне ад твораў Аляксандра Прымака. Усе фотаздымкі прасякнутыя святлом, незалежна ад таго, аддрукаваныя яны ў колеры або ў монохроме. Святло гэта зыходзіць не толькі ад амаль акварэльных каляровых здымкаў, але і ад самога аўтара, фігуры суцэльнай і паслядоўнай у сваім жаданні дзяліцца ўражаннямі пра навакольны свет.

Аляксандр паказвае сучасную фатаграфію, выкананую ў класічных, цяпер ужо альтэрнатыўных тэхніках друку – ойлпрынт (алейны друк) і гуміарабікавы друк. Здавалася б, выстава можа прадэманстраваць толькі валоданне тэхналагічнымі працэсамі, але глядач ацэніць вартасці менавіта фатаграфіі, вельмі тонкай і глыбокай, калі майстэрства ручнога вырабу адбітка істотна падмацоўвае яго ідэйны і мастацкі складнікі. Уражанне ад работ Аляксандра Прымака можна параўнаць з пачуццём меламана, які адкладае ў бок тэлефон і ставіць на прайгравальнік вінілавую пласцінку. «Калі бачыш аналагавы адбітак, то адчуваеш, што ён жывы, цёплы, што ў яго ёсць душа, адценні, глыбіня... Адчуваецца ён зусім па–іншаму», – казаў Аляксандр у інтэрв’ю часопісу «Photographer».

У сваёй творчасці Аляксандр даследуе такія тонкія матэрыі, як душа, жыццё чалавека ў сучасным свеце. Гледачу не важна, дзе апынуўся аўтар са сваёй фотакамерай – на Палессі або ў Марока, вынік заўсёды аднолькавы: пільная ўвага да дэталяў, мікракосму галоўнага героя фатаграфій – «маленькага» чалавека, які жыве пад бязмежных блакітным небам афрыканскага кантынента або ў туманных, містычных вёсках і хутарах, закінутых сярод балот Палескага краю. Частку экспазіцыі складаюць творы, прывезеныя з паездкі ў Марока, іншая – вынік расцягнутага на чатыры гады фатаграфічнага праекта–даследавання «Лад жыцця», створанага падчас шматлікіх паездак па прыгранічных з Беларуссю раёнах Палесся. Аляксандр свядома не дае назвы ўласным творам, лічачы, што чалавечыя гісторыі, якія за імі стаяць, будуць зразумелыя і прынятыя гледачамі без усялякіх тлумачэнняў. Акрамя таго кожны можа сам даць назву той ці іншай фатаграфіі. «Як і ў кожнага чалавека, у мяне ёсць СВОЙ ПОГЛЯД на навакольны свет, і калі ён супадзе з Вашым, я буду шчаслівы», – кажа Аляксандр.

Аляксандр Прымак нарадзіўся ў 1957 годзе ў Кіеве. Фатаграфіяй займаецца з 2006 года. Член Саюза фотамастакоў Украіны з 2008 года. У 2011 годзе прыняты ў Міжнародную федэрацыю фатаграфічнага мастацтва (FIAP). Прызёр і ўдзельнік шматлікіх украінскіх і замежных выстаў. Аляксандр вядзе актыўную выкладчыцкую дзейнасць. Яго творы знаходзяцца ў калекцыях ўкраінскага музея Нью–Ёрка, кіеўскай “Я Галерэі” Паўла Гудзімава, Хмяльніцкім музеі фатаграфіі, Галерэі імя Генрыха Семірадскага ў Харкаве, а таксама набыты ў прыватныя калекцыі ў ЗША, Расіі, Францыі і Украіне.

Куратар выставы: Віктар Сянькоў.

Партнёры: Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў, фотапартал “ZNYATA”.

Месца экспанавання выставы – выставачныя зала Музея гісторыі беларускага кіно (Мінск, вул. Свярдлова, 4)

Час працы – штодня з 11–00 да 19–00 (каса да 18–30).

Тэлефоны для даведак: 8 017 327 10 75 (Музей гісторыі беларускага кіно)

8 044 736 31 69 (Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў)

Уваход па білетах: школьнікі і пенсіянеры – 2 руб.; студэнты – 3 руб.; астатнія катэгорыі наведвальнікаў – 5 руб.