Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "ГОРАД НАД ВОЛЬНАЙ НЯВОЙ"

  • 12.12.2019

12 снежня 2019 г. а 11–й гадзіне ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – адкрыецца выстава са збору Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі “ГОРАД НАД ВОЛЬНАЙ НЯВОЙ”, на якой будзе прадстаўлена блакадная графіка мастака Аляксандра Блэка.

Усё жыццё Аляксандра Эдуардавіча Блэка (1907 – 1970) была звязана з горадам на Няве. Ён вучыўся ў Вышэйшым мастацка–тэхнічным інстытуце ў вядомых майстроў У. М. Канашэвіча і Д. М. Мітрохіна, працаваў мастаком на кінастудыі “Ленфільм”, дзе прымаў удзел у стварэнні такіх фільмаў, як “Чалавек са стрэльбай” (1938, рэж. С. І. Юткевіч), «Валеры Чкалаў» (1941, рэж. М. І. Калатозаў), «Перад судом гісторыі» (1965, рэж. Ф. М. Эрмлер), а таксама афармляў спектаклі ў Тэатры камедыі, опернай студыі Ленінградскай кансерваторыі, Тэатры імя Ленсавета, Ленінградскім лялечным тэатры.

У калекцыі Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі захоўваецца графічная серыя Аляксандра Блэка, у якой тушшу, бяліламі і акварэллю ў блакадным Ленінградзе ва ўмовах холаду, недаядання, бесперапынных бамбёжак і абстрэлаў захаваныя падзеі першых дзесяці месяцаў вайны.

Многія малюнкі выкананы ў халодных шэра–блакітных танах колеру ленінградскага снегу, у брудна–вохрыстых адлівах начнога зарыва над палаючым горадам, у выстужаных, асветленых газоўкамі пакоях. Героі серыі – вялікі горад і яго жыхары, якія гінуць, але не здаюцца.

Мастак абсалютна сумленны перад сабой і гісторыяй. Яго вайна – гэта не толькі подзвіг і трагедыя жыцця ў нечалавечых умовах. Разам са стойкасцю і мужнасцю, выкананнем абавязку, ён паказвае і прыклады маральнага падзення, здрадніцтва, жорсткасці. У яго малюнках – хроніка смерці сярод абыякавай прыроды і мёртвых вуліц горада, разруха, выбухі і пажары. Але галоўнае ў іх – мужнасць пераадолення і самаахвярная адданасць свайму гораду.

Графіка Аляксандра Блэка знаходзіцца ў адным шэрагу з вершамі Вольгі Бергольц, музыкай Дзмітрыя Шастаковіча і іншымі мастацкімі творамі, створанымі ў дні блакады. Гэта даніна памяці супраціву горада на Няве і сіле духу ленінградцаў.

Выстава адкрывае цыкл мерапрыемстваў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, прысвечаных 75–годдзю Вялікай Перамогі сіл антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусветнай вайне.

Месца правядзення: выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (г. Мінск, вул. Свярдлова, 4; тэл. 327–10–75; +37529 627–10–75).

Час працы: штодня з 11:00 да 19:00 (каса з 11:00 да 18:30).

Кошт квіткоў: школьнікі і пенсіянеры – 2 руб., студэнты – 2,5 руб., дарослыя – 3,5 руб.