Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва

  • 22.11.2019

У Беларусі дадзены старт рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” у 2019 – 2020 гадах.

Конкурс праводзіцца ў мэтах адраджэння, развіцця, папулярызацыі і паказу лепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнага выяўленчага мастацтва, прыцягнення да яго ўвагі шырокіх слаёў грамадства; павышэння прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў конкурсу; выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі, развіцця творчых здольнасцей.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі і абласныя выканаўчыя камітэты, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Конкурс праводзіцца па намінацыях: “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Дызайн”, “Актуальнае мастацтва” (арт–аб’ект, інсталяцыя), “Мастацкая фатаграфія”, “Манументальнае і манументальна–дэкаратыўнае мастацтва”, “Дэкаратыўна–прыкладное мастацтва”, “Мастацтвазнаўства і крытыка”, “Творчы дэбют”.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца аўтары твораў выяўленчага мастацтва ў любых відах, жанрах і мастацкіх тэхніках і аўтары твораў літаратуры аб выяўленчым мастацтве, створаных за тры гады, якія папярэднічаюць тэрміну завяршэння прыёму заявак, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маюць (або атрымліваюць) прафесійную адукацыю ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства або не маюць прафесійнай адукацыі ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства, але з’яўляюцца членамі творчых саюзаў (далей – аўтары).

Па выніках конкурсу адбудзецца мастацкая выстава і будзе выдадзены каталог твораў.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе дасылаюцца да 15 студзеня 2020 г. у адрас Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12, тэл.: 226–09–22, 226–05–32, эл.адрас: info@histmuseum.by

На сайце музея можна азнаёміцца з ІНСТРУКЦЫЯЙ аб парадку арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” у 2019 – 2020 гадах і іншымі матэрыяламі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

вул. Карла Маркса, 12